Міліцыя адрэагавала на даручэнне Лукашэнкі разабрацца ў затрыманнях людзей

Мінская міліцыя адрэагавала на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі разабрацца ў нядаўніх затрыманнях людзей у Мінску. Нагадаем, пытанне ўзняла Таццяна Мельнічук з ВВС. Яна нагадала пра затрыманне людзей каля французскай амбасады (яны прыйшлі туды ў падтрымку Charlie Hebdo, пасля парыжскага тэракту) і каля помніка Тарасу Шаўчэнку каля ўкраінскай амбасады.  

Як інфармуе БЕЛТА, сітуацыю патлумачыў Аляксандр Ластоўскі, кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама. Паводле яго слоў, 11 студзеня каля французскай амбасады былі пяць чалавек. Дзяжурны міліцыянер прапановаў ім спыніць "несанкцыянаванае мерапрыемства", але яны не пагадзіліся і заставаліся там 15 хвілін. Нікога не затрымлівалі, але пасля выклікалі гэтых людзей у міліцыю, узялі тлумачэнні. Цяпер жа іх справы аб адміністрацыйным правапарушэнні перададзеныя ў суд Цэнтральнага раёна сталіцы.

Нагадаем, сярод згаданых людзей быў і старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Яго справу суд будзе разглядаць 4 лютага.

Што да затрымання ўвечары 22 студзеня 9 чалавек каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Мінску, дык яны, кажа Ластоўскі, правялі "несанкцыянаваны пікет у гонар падзеяў на ўкраінскім "майдане". Людзі не паслухаліся міліцыянераў, не разыйшліся, таму іх і затрымалі. У адносінах 6 чалавек былі складзены адміністрацйныя пратаколы, а 3 чалавек адпусцілі.

Міліцыя сцвярджае, што людзі каля помніка Шаўчэнку крычалі "антыдзяржаўныя лозунгі і заклікалі далучыцца да "рэвалюцыі". Еўрарадыё звярнулася да адной з затрыманых — Вольгі Нікалайчык. Яна кажа, што заклікаў да рэвалюцыі не было.

Нікалайчык: “Мы проста праспявалі “Магутны Божа”, гімн Украіны і пасля — “Слава Украіне” . Канешне, да нас падышлі і сказалі: “Вы ведаеце, што вашы дзеянні парушаюць законы РБ? Мы кажам: “Мы ведаем, што не парушаюць”. Пасля яны адышлі, і, калі склала я партрэт Міхаіла Жызнеўскага (беларуса, загінулага падчас абароны Майдана — Еўрарадыё) і мы сцягі паскладвалі, нас ужо жорстка пачалі затрымліваць”.

Нагадаем, 23 студзеня адміністратыўным 15-суткавым арыштам былі пакараныя актывісты Алесь Макаеў і Максім Вінярскі. Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў іх вінаватымі ў правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства. Мікола Колас і Яўген Батура былі асуджаныя на 10 сутак. Вольга Нікалайчык атрымала 5 сутак арышту. Ніне Багінскай прысудзілі штраф у 20 базавых велічынь.

Фота: Fotolia, Новы час

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі