Падлетка затрымалі за аплявуху "Гарадавому", ён папрасіў прабачэння "на камеру"
Мінскія міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол на падлетка, які даў поўху вулічнай скульптуры. Хлопец пакрыўдзіў помнік мінскаму гарадавому, што стаіць на вуліцы Гарадскі Вал насупраць будынка Міністэрства ўнутраных справаў. І не пазбегнуў адказнасці, пра што з гонарам паведамляе сайт МУС.
Здарэнне адбылося 14 лістапада. Юнак, праходзячы міма скульптуры гарадавога, стукнуў помнік па твары. Але не ўлічыў, што на "Гарадавога" пастаянна нацэленая асобная камера відэаназірання, усталяваная на будынку МУС. Хлопца адразу ж затрымаў нарад.
Выявілася, што затрыманага завуць Арсеній. Яму 16 гадоў, ён вучыцца ў адным са сталічных ліцэяў. На падлетка склалі адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства.
"Шчыра шкадую аб тым, што зрабіў, праявіў непавагу да гісторыі міліцыі. Прашу прабачэння за свае дзеянні ва ўсіх супрацоўнікаў і ў гэтага помніка", — прагаварыў падлетак на відэакамеру для міліцыянтаў.
Нагадаем, што ў сакавіку 2017 года мінскі анархіст Вячаслаў Касінераў накінуў пятлю на шыю скульптуры "Гарадавога". Хлопца затрымалі і 10 дзён трымалі за кратамі. На яго пачалі крымінальную справу за хуліганства, якая завяршылася штрафам.
А 28 чэрвеня 2018 года помнік гарадавому ўпрыгожылі ЛГБТ-кветнікам. Удзельнікі гэтай акцыі ў падтрымку сексуальных меншасцяў таксама былі затрыманыя і правялі ноч у ізалятары. На наступны дзень іх пакаралі штрафамі.