Мінбудархітэктуры павінна прыдумаць, чым замяніць ільготныя крэдыты на жыллё
Згодна з пастановай урада №1101 ільготнае крэдытаванне жылля сёлета зменшылася на траціну ў параўнанні з 2015-м — да 4 трыльёнаў 777 мільярдаў рублёў. Ільготныя крэдыты цяпер выдаюцца пераважна шматдзетным сем'ям і выйскоўцам, якім патрабуецца паляпшэнне жыллёвых умоваў.
Аднак і гэта для ўладаў выглядае празмерным. Таму 8 лютага ўрад падпісаў пастанову №103, у якой ад усіх структур патрабуюцца прапановы па "аптымізацыі крэдытавання дзяржаўных праграм", піша tut.by. Напрыклад, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва да 1 сакавіка 2016 года павінна ўнесці на разгляд Савета міністраў ўзгодненыя з Мінфінам, Мінэканомікі, Нацбанкам і "Беларусбанкам" прапановы па замене ільготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва іншымі відамі дзяржаўнай падтрымкі.
У Мінбудаўніцтва кажуць, што зараз распрацоўваюцца розныя праекты, у тым ліку іпатэка.
Нагадаем, іпатэка існуе ў розных краінах, у тым ліку ў Расіі. Гэта крэдытаванне нерухомасці пад заклад самай нерухомасці. Пры гэтым стаўка крэдыту крыху перавышае або раўняецца гадавой інфляцыі ў краіне.