Мінчанка дагала распранулася ў краме — яе будуць судзіць
Жанчына, ілюстрацыйнае фота
Пад суд у Мінску трапіла 44-гадовая жанчына, якая дагала распранулася ў краме. Пра гэты інцыдэнт піша дзяржаўнае інфармагенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на пракуратуру.
Ахоўнік адной з крамаў на праспекце Ракасоўскага па камерах відэаназірання заўважыў, як у памяшканне зайшла жанчына, зняла з сябе сукенку і стала ёй выцірацца ў прысутнасці іншых пакупнікоў. Ніяакга іншага адзення на жанчыне не было.
Ахоўнік затрымаў мінчанку і выклікаў міліцыю. Паведамляецца, што жанчына паводзілася неадэкватна. Яна была нецвярозая і пад уздзеяннем забароненых рэчываў. Жанчына сяк-так нацягнула на сябе сукенку і прасіла ахоўніка адпусціць яе, але марна.
Мінчанку вінавацяць у злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК). За гэта ёй пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
У пракуратуры дадалі, што раней жанчыну ўжо судзілі, у тым ліку за хуліганства. Цяпер у яе лічыцца судзімасць, не знятая і не пагашаная ў вызначаным законам парадку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.