Мінчанка, якая вярнулася з Кітая: паклалі адну ў трохмясцовую палату
Мінчанка Ганна, якая прыляцела з Кітая і захварэла, знаходзіцца адна ў трохмясцовым боксе. Пра гэта дзяўчына распавяла парталу TUT.by.
Як паведамляла Еўрарадыё, 22 студзеня ў Мінскую гарадскую інфекцыйную лякарню шпіталізавалі дзяўчыну, якая вярнулася з Кітая. 20-гадовая студэнтка скардзілася на высокую тэмпературу і кашаль. У яе падазравалі каронавірус, нядаўна выяўлены ў Кітаі. Аднак пазней дактары заявілі, што дыягназ дзяўчыны — грып B.
Журналістам Ганна распавяла, што цяпер у яе кашаль і высокая тэмпература, якую збіваюць уколамі. "Забралі ў лякарню ўчора ў пяць вечара з тэмпературай каля 38,8 градуса. Прымалі дзве з паловай гадзіны. У гадзін сем паклалі ў палату. Хацелі спачатку ў агульную, але потым я стала пярэчыць — маўляў, раптам гэта вірус, заражу ўсіх. Паклалі ў трохмясцовую, але пустую, так што я была адна. Пракропалі глюкозу, зрабілі ўкол ад тэмпературы. Раніцай узялі кроў. І зноў збілі тэмпературу, якая была 39. Пасля таго, як узялі ўсе аналізы, перавялі ў асобны ізаляваны бокс, і паведамілі, што ў мяне проста грып", — кажа дзяўчына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.