Мінчука, у якога знайшлі два "кактэйлі Молатава", асудзілі на 5 гадоў

Мінчука, у якога знайшлі два "кактэйлі Молатава", асудзілі на 5 гадоў

Суддзя Першамайскага раёна Мінску Максім Трусевіч асудзіў 30-гадовага Мікіту Харловіча на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Як піша праваабарончы сайт "Вясна", хлопца пакаралі за падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках шляхам вырабу "кактэйляў Молатава".

Яго прызналі вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні з прадметамі, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (Удзел у масавых беспарадках).

Харловіча затрымалі 27 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіК у мінскай Курасоўшчыне каля лесапаласы: у яго пры сабе былі дзве бутэлькі "кактэйлю Молатава". Па словах мінчука, ён ішоў, каб утапіць іх у тэхнічным вадаёме, але не паспеў. На судзе хлопец заявіў, што ў міліцыі яго білі, каб атрымаць патрэбныя паказанні для відэароліка. Харловіч кажа, што пасля збіцця ён сказаў на відэакамеру тое, што ад яго патрабавалі.

Харловіча вінавацілі ў вырабе "кактэйляў Молатава" і тым, што ён пайшоў з імі на акцыю пратэсту. Паводле абвінавачання, "злачынства не было даведзенае да канца па незалежных ад яго абставінаў з прычыны спынення злачыннай дзейнасці супрацоўнікамі МУС".

Мінчук прызнаў, што зрабіў "кактэйлі Молатава", але адмаўляўся, што планаваў удзельнічаць у масавых беспарадках. 

Дарэчы, на судзе праз скайп са змененым голасам і ў балаклаве выступаў сведкам знаёмы Харловіча Аляксандр Качанаў, які сведчыў супраць яго. У адказ Мікіта заявіў, што той хлусіць, бо "замольвае грахі" перад ГУБАЗіКам. 

У сваім апошнім слове Харловіч сказаў, шо перажываў за навакольных і зрабіў тое, чаго сам спалохаўся і выніку вырашыў, што ніколі не будзе ўжываць "кактэйлі Молатава". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі