Мінская міліцыя афіцыйна прыраўняла вывешаны нацыянальны сцяг да пікета

Мінская міліцыя афіцыйна прыраўняла вывешаны нацыянальны сцяг да пікета

ГУУС Мінгарвыканкама афіцыйна прыраўняла вывешаны на гаўбцы ці ў акне бел-чырвона-белы сцяг да несанкцыянаванага пікета.

"У выпадку паступлення ў аператыўна-дзяжурную службу тэрытарыяльных РУУС Мінска заяў і паведамленняў грамадзян, а таксама пры непасрэдным выяўленні супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў фактаў размяшчэння на фасадах жылых дамоў, у тым ліку вокнах, балконах і лоджыях сцягоў бел-чырвона-белай каляроўкі, якія не зарэгістраваныя ў належным парадку, гэтыя факты будуць неадкладна фіксавацца для правядзення праверкі ў адпаведнасці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях", — цытуе БЕЛТА паведамленне сталічнай міліцыі. 

Вывешванне нацыянальнага сцяга міліцыя будзе трактаваць як правядзенне масавага мерапрыемства (пікетаванне). За несанкцыянаваны пікет пагржае штраф да 30 базавых велічыняў (на сёння 810 рублёў) або адміністрацыйны арышт.

Паведамляецца, што на сёння ў Мінску складзена больш за 20 адміністрацыйных пратаколаў за такое правапарушэнне. Дакументы накіраваныя ў суд для разгляду.

Дарэчы, у Віцебску ў верасні суд аштрафаваў Таццяну Севярынец, якая з гаўбца вітала шэсце бел-чырвона-белым сцягам. Гэтае дзеянне суд палічыў пікетам, праведзеным без дазволу адміністрацыі. Пасля гэтага жанчына падала заяўку на правядзенне пікета ў сваёй кватэры, але чыноўнікі заявілі, што кватэра не з'яўляецца грамадскім месцам, таму дазвол не патрабуецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі