Моладзевыя арганізацыі заяўляюць аб пачатку маніторынгу ціску на студэнтаў

Моладзевыя арганізацыі заяўляюць аб пачатку маніторынгу ціску на студэнтаў

Шэраг дэмакратычных студэнцкіх арганізацый Беларусі заявілі 2 снежня аб пачатку Маніторынгу ціску на студэнтаў, які павінен папярэдзіць магчымыя выпадкі аказання ціску на студэнцкіх актывістаў, паведамляе Праваабарончы Цэнтр "Вясна".

У сумеснай заяве падкрэсліваецца, што “рэалізацыя аднаго з прынцыпаў Балонскага працэсу - удзел студэнтаў у кіраванні універсітэтам, можа быць рэалізавана толькі з пазіцыі дыялогу. Аднак, пры гэтым, мы лічым недапушчальным абмежаванне ўдзелу ў абмеркаванні іншых зацікаўленых бакоў: бацькоў студэнтаў, працадаўцаў, грамадскіх арганізацый. Дадзены факт пацвярджаецца ўвядзенне жорсткага прапускнога кантролю з боку БДУ. Аднак, мы заяўляем аб пачатку Маніторынгу ціску на студэнтаў, які павінен папярэдзіць магчымыя выпадкі аказання ціску на студэнцкіх актывістаў".

Маніторынг арганізаваны ў сувязі з масавымі паведамленнямі ў СМІ і сацыяльных сетках пра ціск на студэнтаў у сталічных ВНУ у сувязі з рухам "СтудентыПротив" і правядзеннем акцыі "Марш студэнтаў”.

"Усе сабраныя дадзеныя, – паведамляецца ў заяве, – “будуць прадастаўлены адміністрацыям адпаведных ВНУ і Міністэрству Адукацыі для прыняцця неадкладных мер аб спыненні ціску на студэнтаў, парушэнні акадэмічных свабодаў. У выпадку непрыняцця адэкватных дзеянняў, накіраваных на спыненне ціску, і працягу парушэнняў, інфармацыя будзе накіравана Грамадскаму Балонскага Камітэту, Еўрапейскаму студэнцкаму саюзу, Дэпартаменту адукацыі Савета Еўропы, Экспертнаму камітэту ў падтрымку дарожнай мапы Беларусі, іншым еўрапейскім інстытуцый і арганізацыям, а таксама універсітэтам-партнёрам беларускіх ВНУ".

Заяву падпісалі "Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў" (Установа "ГЕДЕВС"), "Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання" (Установа "Студэнцкая фабрыка думкі"), Моладзевая прафсаюзная група "Студэнцкая Рада" і "Задзiночанне беларускiх Студэнтаў".

Гэтую падзею Еўрарадыё абмеркавала з дырэктарам "Цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў" Змітром Гаменюком

Еўрарадыё: Распавядзі, калі ласка, як увогуле дэмакратычныя студэнцкія арганізацыі ставяцца да пратэсту студэнтаў супраць увядзення аплаты за пераздачы экзаменаў і да акцыі "Марш любові і салідарнасці", якія адбыўся ў Мінску?

Гаменюк: Студэнцкія арганізацыі разумеюць тую праблему, якая з'явілася ў БДУ. Яна не новая, яна існуе ў іншых універсітэтах, амаль ва ўсіх - гэта праблема платных пераздач. Але студэнты БДУ змаглі скаардынавацца, дзякуючы чаму гэтая праблема стала публічнай.

Еўрарадыё: Чаму студэнцкія арганізацыі вырашылі распачаць маніторынг ціску на студэнтаў?

Гаменюк: Мы пачалі бачыць у сродках масавай інфармацыі, у сацыяльных сетках тое, што на студэнтаў, якія ўдзельнічаюць нават у групе "Укантакце" "Студэнты супраць" аказваецца ціск з боку адміністарцыі. І ён выглядае, як гэта выглядае заўжды - прадстаўнікі адмінсітрацыі тэлефануюць, выклікаюць да сябе і размаўляюць наконт таго, што студэнты павінныя выйсці з суполак, дапытваюцца, хто стаіць за гэтым і гэтак далей. 

Еўрарадыё: Як ён будзе выглядаць?

Гаменюк: Працаваць гэта будзе наступным чынам - зараз мы збіраем усе дадзеныя ў сацыяльных сетках, калі нехта нешта пісаў наконт ціску на іх. Мы гэта збіраем, спрабуем паразмаўляць з людзьмі, якія гэта пісалі, наконт таго, ці могуць яны дакладна сказаць, хто гэта рабіў, ці могуць студэнты самі падцвердзіць, калі мы запытаемся ў адміністрацыі ВНУ, ці было сапраўды такое. Я быў на сустрэчы ў газеце "Советская Белоруссия", і мы там размаўлялі, і я падымаў тое ж пытанне. І прадстаўнікі адміністрацыі БДУ казалі аб тым, што такога ціску няма. Мы гэта бачылі таксама ў выступе рэктара. Але зараз мы зразумелі, што нам патрэбная факталагічная інфармацыя: дакладныя імёны студэнтаў і дакладныя імёны тых, хто прыходзіў і што яны казалі.

Фота: flickr.com, ampby.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі