Мова як шанец на вольнае жыццё — Святлана Ціханоўская пра важнасць роднай мовы
Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Дня роднай мовы. Яна прызнала, што многія выбіраюць рускую, адказваючы на пытанне "на якой мове размаўляеце". Пры гэтым хтосьці тлумачыць свой выбар тым, што так прывык, што бацькі так навучылі, што з дзяцінства чуў толькі рускую мову.
"Але руская мова — не наш выбар. Гэта не выбар нашых бацькоў, дзядуляў з бабулямі. Бо некалі іх прымусова пераводзілі з беларускай на рускую. Гэта не выбар беларускай нацыі, якую некалькі стагоддзяў сістэматычна русіфікуюць", — адзначыла Святлана Ціханоўская. Яна ўспамінала знакамітае выказванне, якое прыпісваюць рускаму генерал-губернатару Міхаілу Мураўёву-вешальніку. Менавіта ён задушыў паўстанне Кастуся Каліноўскага. Мураўёў нібыта казаў: "Што не зробіць рускі штык, тое зробіць рускі поп, рускі чыноўнік і руская школа".
"Беларусаў сілай прымушалі адмовіцца ад сваёй мовы і каранёў. Таму пагадзіцца з русіфікацыяй — гэта не даць шанцу нашым нашчадкам на вольнае жыццё", адзначыла Святлана Ціханоўская. Яна не пагадзілася са сцверджаннем, што моўнае пытанне не важнае і "мова не забівае".
"Безумоўна, забіваюць не літары, але за гэтыя літары цяпер ваююць людзі. Расія напала на Украіну, бо вырашыла, быццам Украіны, яе народа і мовы не павінна існаваць. У знішчаным Марыупалі ў першую чаргу акупанты замянілі шыльды — з украінскіх на рускія. Бо мова мае значэнне", — настойвае яна.
Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў абмяркоўваць сваіх аналітыкаў і палітолагаў, а не расійскіх, чытаць свае кнігі і слухаць сваю музыку. І рабіць усё гэтай на сваёй — беларускай — мове.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.