Мсціслаўскага міліцыянта асудзілі на тры гады за збіццё людзей

Мсціслаўскага міліцыянта асудзілі на тры гады за збіццё людзей

Тры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму правядзе былы малодшы лейтэнант міліцыі Мікалай Раеў. Акрамя таго, ён пазбаўлены звання. Такі вырак вынес яму днямі суд, паведамляе тэлеканал "Белсат".

Міліцыянта асудзілі за тое, што летась ён разам з калегамі збіў двух мсціслаўцаў. Еўрарадыё распавядала пра гэты выпадак. Дарэчы, званне лейтэнанта міліцыі ён атрымаў за тыдзень да інцыдэнту. 

Тры гады — найменшы магчымы тэрмін, якім караюць за перавышэнне паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам. 

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка мяркуе, што ў гэтым выпадку галоўнае не тэрмін, а сам факт таго, што міліцыянта асудзілі паводле крымінальнай справы за гвалт: "Па меншай меры судовая сістэма цяпер адэкватна ставіцца да таго, што работнікі міліцыі могуць пераступаць закон і могуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці".

Пацярпелы Аляксей Швядкоў кажа, што яго і Мікалая Купчына біў не адзін толькі Раеў. Але астатнія сем міліцыянтаў праходзілі па справе як сведкі. 

"Мяне трымалі, Купчына двое, хоць любы з работнікаў мог спыніць гэта ўсё. Мог не даць наносіць удары. Неяк спыніць Раева. Але ніхто гэтага не зрабіў. І ніхто не панёс пакарання за гэта", — каментуе мужчына.

Тым не менш абскарджваць рашэнне суда ён не плануе, бо задаволены і гэтым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі