МУС апублікавала фота і відэа знойдзеных 900 тысяч долараў
МУС апублікавала фота і відэа знойдзеных на лецішчы маці відэаблогера Сяргея Ціханоўскага пад Гомелем 900 тысяч долараў. Прэс-служба ведамства паведамляе ў Telegram, што ператрус праводзіўся 3 чэрвеня з санкцыі пракуратуры і ў прысутнасці маці Ціханоўскага. На відэа хтосьці кажа, што гэта яго грошы, а хто — незразумела.
Паведамляецца, што таксама былі знойдзены радыёстанцыі, фінансава-гаспадарчыя дакументы, машынка для падліку грошай, пячатка суб'екта гаспадарання.
Першым пра знойдзеныя грошы паведаміў каардынатар па Брэсцкай вобласці выбарчай кампаніі патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, блогер Аляксандр Кабанаў. Паводле яго слоў, "пры першых ператрусах гэтых грошай не знайшлі, відаць, брыгады следчых былі нявопытныя". Але калі прыехала "дасведчаная [брыгада следчых], пад раніцу, і оп-ля!". Грошы знайшлі ўначы, падкрэслівае Кабанаў.
Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Гродне. Распачата крымінальная справа па факце "гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў". Ціханоўскага затрымалі на 10 сутак, ён знаходзяцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў сталіцы. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.