МУС Беларусі правярае дзеянні кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта
Праверка дзеянняў кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта "цяпер у самым разгары". Пра гэта міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч паведаміў на прэс-канферэнцыі 28 лютага.
Па яго словах, якія перадае tut.by, у МУС Беларусі зарэгістраваныя ўжо некалькі праверачных матэрыялаў. Дзеянні Данкверта беларускія праваахоўнікі расцэньваюць як "дыскрэдытацыю канкурэнта". Шуневіч падкрэсліў, што адбываецца перадследчая праверка: "Яна ў самым разгары, і не хацеў бы раскрываць яе таямніцу. Мы пакуль збіраем матэрыялы, якім пазней будзе дадзеная прававая ацэнка".
Таксама міністр паведаміў, што "нашы саюзнікі ў Расіі" маглі прычыніць надуманую іміджавую і эканамічную шкоду шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.
Як паведамлялася раней, на прэс-канфрэнцыі 3 лютага Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта за перашкоды ў пастаўках беларускіх тавараў у Расію. Ён заявіў, што Данкверт сам з'яўляецца вытворцам прадуктаў і абараняе інтарэсы сваёй вытворчасці, якая не можа спаборнічаць з беларускай. Лукашэнка даручыў Шуневічу пачаць крымінальную справу на Данкверта.
Генпракуратура Беларусі даслала ў Расію пытанні наконт забароны на пастаўкі беларускай прадукцыі. Інспектары Рассельгаснагляду пасля заяваў Лукашэнкі паведамілі, што баяцца ехаць з праверкамі ў Беларусь, бо могуць сутыкнуцца з правакацыямі.