Мужчына сам вярнуў у банк "лішнія" 20 тысяч долараў (відэа)

Пра вяртанне грошай карэспандэнту Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар мінскай гарадской міліцыі Аляксандр Ластоўскі.

Ластоўскі: "Мужчына сам звярнуўся ў банк. У гэтым дапамагла публікацыя відэа ў інтэрнэце і на тэлебачанні. Ён вярнуў усе грошы".

У міліцыі кажуць, што ім, а таксама ў банк было шмат тэлефанаванняў ад тых, хто пазнаў на відэа мінчука, якому дасталіся лішнія грошы.



Нагадаем, што здарэнне адбылося на днях у адным з абменнікаў "Еўрабанка" ў Мінску. Кліент прыйшоў у абменнік, каб абмяняць 2300 долараў на беларускія рублі. Замест гэтага касірка налічыла яму грошай у 10 разоў больш. Мужчына ўзяў рублі і сышоў.



Недастача выявілася праз некалькі гадзін. Банк прызнаў, што мужчына не панясе ніякай адказнасці і ў крайнім выпадку грошы будзе вяртаць касірка.

У размове з Еўрарадыё факт вяртання грошай пацвердзіў намеснік кіраўніка банка Сяргей Чучко. Ён распавёў, што мужчына, якому касірка памылкова выдала больш за 20 тысяч долараў, пазваніў у банк сам. Ён патлумачыў прысваенне грошай тым, што адразу паклаў усю атрыманую суму ў партфель і не ведаў, колькі там насамрэч грошай. А пасля з’ехаў з Мінска на некалькі дзён.



Сяргей Чучко таксама адзначае, што ў банк звярнулася вельмі шмат людзей, якія апазналі мужчыну з відэазапісу. Пазваніла і жанчына з відэа. Яна выявілася супрацоўніцай гандлёвага дома “Ждановічы” і проста выпадкова стаяла ў чарзе за мужчынам.



Як даведалася Еўрарадыё, усе, хто дапамагаў у пошуках грошай, ад узнагароды адмовіліся. А вось лёс касіркі, якая дапусціла памылку, пакуль невядомы. Ці будзе яна далей працаваць у банку, вырашыцца на адмысловым паседжанні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі