Мы не шукаем шляхоў на захад, хай яны шукаюць шляхі да нас — Галоўчанка
Калектыву МЗС Беларусі прадставілі новага міністра / БЕЛТА
Беларусь не шукае шляху на захад, "хай яны шукаюць шляхі да нас", заявіў прэм'ер-міністр РБ Раман Галоўчанка падчас прадстаўлення калектыву МЗС новага міністра замежных спраў Сяргея Алейніка.
Галоўчанка гаварыў пра "інсінуацыі", якія з'явіліся пасля прызначэння Алейніка. Шэраг экспертаў выказалі здагадку, што гэты выбар кажа пра тое, што Беларусь разлічвае аднавіць дыялог з Захадам. "Так, ён [Алейнік. — Еўрарадыё] шмат працаваў на заходнім напрамку, але так склаўся яго лёс. Мы не шукаем шляхоў на захад, хай яны шукаюць шляхі да нас. Не мы рвалі гэтыя сувязі, не мы рабілі варожыя дзеянні, не мы вывозілі амбасады, не мы ўводзілі санкцыі і забароны", — прыводзіць словы Галоўчанка БЕЛТА. Беларусь гатова развіваць раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны з народамі ўсіх краін без выключэння.
"У прынцыпе, глабальныя задачы, якія стаяць перад МЗС, не змяніліся. Знешнія сувязі — палітычныя і асабліва эканамічныя — ніхто не адмяняў. І санкцыі, абмежаванні, рэстрыкцыі не вечныя", — даў наказ новаму міністру кіраўнік урада. Сярод задач, якія ён паставіў міністру, была і такая: "знайсці варыянты збалансаванай працы як на ўсходнім, так і на заходнім вектары нашай знешняй палітыкі, зыходзячы з нашых інтарэсаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.