МЗС абвяргае звесткі пра беларуску, выкрадзеную ў Ізраілі
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз
МЗС Беларусі абвяргае чуткі пра тое, што грамадзянку Беларусі нібыта выкралі. "Гэта не адпавядае рэчаіснасці", — гаворыцца ў заяве замежнапалітычнага ведамства.
Разам з тым МЗС рэкамендуе беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак у Ізраіль да нармалізацыі становішча.
Паведамляецца, што беларуская амбасада ў Ізраілі "працуе ў тым рэжыме, які адпавядае бягучай напружанай абстаноўцы". Пытанне эвакуацыі дыпламатаў на сённяшні дзень не стаіць.
Беларуская дыпмісія ў Ізраілі атрымала больш за 150 зваротаў па розных пытаннях ад нашых суайчыннікаў. "Звяртаецца шмат грамадзян, якія прыбылі ў Ізраіль з турыстычнымі мэтамі", — кажуць у МЗС. Пры гэтым дыпламаты падкрэсліваюць, што "аэрапорт Бэн-Гурыён працуе ў звычайным рэжыме, Ізраільскія і шэраг замежных авіякампаній працягваюць здзяйсняць рэгулярныя камерцыйныя авіярэйсы".
Новая інфармацыя пра ахвяраў або сур'ёзна пацярпелых сярод беларусаў не паступала.
7 кастрычніка ХАМАС напаў на Ізраіль з тэрыторыі сектара Газа. Ахвярамі тэрарыстаў сталі больш за 800 чалавек, больш за 2 тысячы параненыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.