МЗС Латвіі: Неабходна размарозіць палітычны застой паміж Беларуссю і ЕС
Але гэта немагчыма без паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне і вызвалення палітвязняў.
За паўгода старшынства Латвіі ў Еўрапейскім саюзе дыпламатам і палітыкам гэтай краіны ўдалося значна палепшыць узаемаадносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Але стратэгічнай мэтай дыялогу паміж Мінскам і Бруселем павінна стаць размарожванне палітычнага застою, якое мы маем ва ўзаемаадносінах. Такую заяву зрабіў на канферэнцыі “Мінск пасля Рыгі”, якая праходзіць зараз ў сталіцы Беларусі, пасол па асаблівых даручэннях МЗС Латвіі Юрыс Пойканс.
Пойканс: “Мы вельмі актыўна супрацоўнічалі з беларускімі партнёрамі і стараліся намацаць шляхі да паразумення, каб не было расчаравання ні ў каго. Тут быў і візіт еўракамісара Хана ў Мінск, і візіт нашага міністра замежных спраў. У канцы чэрвеня ў Мінску адбудзецца першая сустрэча міністраў краін Усходняга партнёрства па пытаннях навакольнага асяроддзя — гэта першая такая міністэрская сустрэча ў Мінску, што вельмі пазітыўна".
А 11 чэрвеня ў Люксембургу з беларускай ініцыятывы пройдзе сустрэча міністраў па пытаннях лічбавых тэхналогій Усходняга партнёрства.
Праўда, былі і правалы, кажа дыпламат. Галоўны з іх — тое, што не ўдалося канчаткова дамовіцца па усіх пунктах пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Але праца гэтая будзе завершаная. Такое супрацоўніцтва можа ў выніку прывесці да распрацоўкі і падпісання палітычнага пагаднення паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, бо сёння ў нас не падпісаная нават Дамова аб сяброўстве і супрацоўніцтве з ЕС.
Асаблівую ўвагу Юрыс Пойканс звярнуў на абвінавачванні ў бок Еўрасаюза, што ён пайшоў на паляпшэнне адносінаў з Беларуссю, нягледзячы на тое, што афіцыйны Мінск нічога не зрабіў для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.
Пойканс: “Канешне, Еўрапейскі саюз мяняе свае падыходы да Беларусі. Але ўсё ж, каб мы змаглі рассекчы гэты палітычны вузел, пытанне правоў чалавека з нашага парадку дня нікуды не знікае. І каб мы маглі дасягнуць большага прагрэсу ў нашых палітычных адносінах, то паляпшэнне сітуацыі ў пытанні правоў чалавека ў Беларусі застанецца для Еўрасаюза вельмі важным пытаннем. І як мінімум – пытанне палітычных зняволеных".
Дыпламат адзначыў, што еўрапейскаму грамадству складана зразумець, што беларускія ўлады распрацоўваюць нейкія палітычныя пагадненні ў гэтым пытанні.
Фота — mixnews.lv