На чарговым відэа з канфіскаванай зброяй падазроны аўтамат замянілі двума іншымі

На чарговым відэа з канфіскаванай зброяй падазроны аўтамат замянілі двума іншымі

22 сакавіка на беларускіх тэлеканалах выйшлі сюжэты, у якіх паказалі ператрус у кватэры Віктара Данілава. Дома ў яго знайшлі гранаты, якія ляжалі на паліцах з кнігамі, запалы, сапёрныя рыдлёўкі, драбавікі і нават аўтамат Калашнікава. Еўрарадыё папрасіла эксперта па зброі і паляўнічага са стажам, распавесці падрабязней пра “арсенал”. Як высветлілася, паказаная зброя ― паляўнічая, прычым, па словах нявесты Данілава, захоўвалася яна ў адмысловым сейфе і на яе былі дакументы. 

23 сакавіка тэлевізіёншчыкі паказалі ўжо ўсю зброю, канфіскаваную падчас ператрусаў і затрыманняў за апошнія дні. Ці з’явілася ў арсенале нешта новае і што дакладна трапіла ў рукі сілавікоў, зноў аналізуе наш эксперт.

“Можна я не буду каментаваць фота з сякерамі, турыстычнымі нажамі і іншым бытавым начыннем?) Ну, а па іншых рэчах мы бачым наступнае:

Вучэбныя гранаты, якія імітуюць баявыя РГД-5, пра гэта можна адназначна казаць з-за афарбоўкі — яна чорная (баявыя гранаты могуць быць толькі зялёнага колеру, — заўв. Еўрарадыё). Побач ляжыць масава-габарытны макет ручной гранаты ф-1. Побач навучальны дапаможнік — граната РГД-5 у разрэзе — навошта было яго выкладваць і фатаграфаваць, наогул незразумела. Дзве зялёныя РГД-5 падобныя на баявыя, каб даведацца дакладна, трэба зазірнуць унутр.

Сярод зброі мы бачым новенькі, толькі з крамы прадмет, падобны на аўтамат АКСУ. Для таго, каб вызначыць, што гэта такое — баявая зброя, масава-габарытны макет, або страйкбольная хрэнь, трэба як мінімум яго ўзяць у рукі.

Тое ж самае можна сказаць і пра АК-74 (чорны з аблупленай фарбай). Там жа ляжаць помпавыя драбавікі, якія з’яўляліся на відэа 22 сакавіка. (Зброя, якую можна абсалютна легальна набыць, калі ёсць дазвол. Па словах нявесты Віктара Данілава, дазвол на іх быў. Іх выкарыстоўваюць для палявання, а таксама паліцыя заходніх краін і наша міліцыя. Могуць страляць рознымі боепрыпасамі. У тым ліку, шротам на паляванні і гумовымі кулямі, — заўвага Еўрарадыё). Там жа ляжыць гладкаствольны карабін “Сайга” 410 калібру (ужываюць такі карабін для палявання на дробных жывёл і птушак. А таксама для практычнай стральбы па банках ці па мішэнях, — заўвага Еўрарадыё).

Пісталеты, якія ляжаць на папяровай каробцы: знізу сігнальны пісталет часоў Другой сусветнай вайны. Кажучы прасцей, ― ракетніца. Мяркую, што яна капаная. Два іншых пісталеты — не магу сказаць. Цяпер вельмі шмат мадэляў пнеўматыкі і газавай зброі, якія можна адрозніць ад баявых, толькі узяўшы ў рукі”.

Аўтамат Калашнікава, які з’яўляўся на відэа з ператрусу ў Віктара Данілава, і на які тэлевізіёншчыкі рабілі самы моцны ўхіл, на новым відэа наш эксперт… не заўважыў. Няма сярод раскладзенага арсеналу і аўтамата, які на відэа канфіскуюць у Міраслава Лазоўскага. “Гэта нешта з сямейства АК. Я не зразумеў. Можа, якая румынская або кітайская мадэль”, — каментуе эксперт.

Аўтаматы, якіх няма на агульных здымках "арсеналу баевікоў". Зверху — канфіскаваны ў Віктара Данілава, знізу — у Міраслава Лазоўскага.

“Агульнае ўражанне, што набралі рознага лайна з навучальнага класа па стралковай падрыхтоўцы, прынеслі па-хуткаму з дому колюча-рэжучыя, і па-хуткаму сфоткалі, у надзеі, што піпл схавае. А ён схавае,” — рэзюмуе ўбачанае эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі