На праймерыз у Нью-Йорку перамаглі Клінтан і Трамп
На праймерыз у Нью-Йорку былы сенатар Хілары Клінтан атрымала перамогу над Берні Сандэрсам — яе канкурэнтам у барацьбе за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі.
Паводле папярэдніх дадзеных, былы дзяржсакратар ЗША атрымала 61% галасоў, а яе сапернік — 38%. Пры гэтым, згодна з экзіт-полам, праведзеным СNN, адрыў Клінтан менш значны — 52% супраць 48% у Сандэрса.
У рэспубліканцаў перамогу святкуе мільярдэр Дональд Трамп. Ён са значным адрывам абышоў сваіх канкурэнтаў. Паводле экзіт-полаў, ён апярэдзіў бліжэйшага саперніка Тэда Круза амаль на 30% галасоў, розніца з іншым прэтэндэнтам на ўдзел у прэзідэнцкай гонцы, рэспубліканцам Джонам Кейсікам яшчэ большая, перадае ВВС.
Клінтан і Трампа яшчэ да пачатку праймерыз называлі найбольш верагоднымі ўдзельнікамі бліжэйшых выбараў прэзідэнта Злучаных Штатаў.