На станцыі Ашмяны падлетак трапіў пад цягнік і цудам не загінуў
16-гадовы хлопец ледзь не загінуў пад коламі цягніка на станцыі Ашмяны. Інцыдэнт адбыўся 24 жніўня пад вечар. Хлопец, навучэнец ліцэю, ішоў праз чыгунку па пешаходным насціле і пры гэтым не адрываўся ад свайго сотавага тэлефона. Па баках ён не глядзеў. Тым часам да яго набліжаўся цягнік Вільня — Мінск.
Машыніст цягніка падаваў сігналы пешаходу і вымушана прымяніў экстранае тармажэнне. Дзякуючы гэтаму ўдалося пазбегнуць трагедыі — падлетка адкінула на насып, і ён атрымаў толькі невялікія драпіны на руках і каленях. Пацярпелага даставілі ў лякарню і пасля аказання першай дапамогі адпусцілі дадому, перадае TUT.by са спасылкай на прэс-службу МУС.
У той жа дзень на станцыі Маладзечна загінуў 55-гадовы мясцовы жыхар, якога збіў цягнік Вільня — Мінск. Таксама 24 жніўня на перагоне Язвіна — Шуміліна ў Віцебскай вобласці пад таварны цягнік лёг 58-гадовы мужчына. Ён загінуў.
З пачатку года на чыгунцы адбылося 78 нядчасных выпадкаў, 52 — са смяротным вынікам.