Наркотыкі, стронцый, смерць спартсмена ― расследаванні Еўрарадыё ў 2013-ым
Пад канец года прыгадваем нашы журналісцкія следствы і наступствы, якія здараліся пасля іх апублікавання
Напрыканцы лютага ў алімпійскім комплексе “Стайкі” памёр перспектыўны 19-гадовы шангіст Яўген Шрамко. У хлопца спынілася сэрца.
Трагедыя здарылася на фоне вострага крызісу ў беларускім спорце: правал здарыўся не толькі ў выніках, але і ў падрыхтоўцы рэзерва, у фармакалагічным забеспячэнні, медыцыне.
Мачулішчанскі аддзел міліцыі правёў паспешлівую “праверку”, па выніках якой ніхто ў смерці Яўгена Шрамко вінаватым не аказаўся.
Еўрарадыё засумнявалася ў такой версіі і пачало шукаць інфармацыю, якая б патлумачыла смерць цяжкаатлета, які лічыўся абсалютна здаровым.
Пракуратура Мінскага раёна, даведаўшыся пра гэтыя факты, пастанавіла праводзіць новую праверку, якая цягнецца дагэтуль.
У студзені 2014-га года мы даведаемся, ці будзе ўзбуджана крымінальная справа па факце смерці маладога цяжкаатлета. Цалкам верагодна, што следчыя здолеюць выкрыць важныя сістэмныя хібы ўсяго беларускага спорту.
***
У канцы красавіка напярэдадні 27-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы Еўрарадыё выправілася ў вёску Пяршаі, дзе асела радыяцыйная пляма. Вёска знаходзіцца ў 40 хвілінах ад сталіцы на аўто.
У мясцовых жыхароў мы набылі бульбу і малако. Потым у адной з самых сучасных лабараторый краіны праверылі прадукты на наяўнасць радыёнуклідаў.
Бульба нечакана паказала шматразовае перавышэнне па…стронцыі, які па ідэі не мог пакінуць 30-кіламетровую зону адчужэння і трапіць у цэнтральную Беларусь. Пазней Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі таксама выявіў перавышэнне па стронцыі ў гэтай бульбе.
Матэрыялы Еўрарадыё выклікалі крытыку з боку навукоўцаў. Прадукты харчавання ў Пяршаях нібыта пераправяралі і не знаходзілі ў іх праблемаў са стронцыем (хоць паспрабуй правер гэтыя вымярэнніJ).
Аднак самае абуральнае было наперадзе.
Паводле інфармацыі Еўрарадыё, наш Урад звярнуў увагу на праблему, і ў дадзены момант складаецца асаблівая беларуская пазіцыя па “стронцыевым пытанні”. З вялікай доляй верагоднасці ў нашу краіну вернуцца старыя жорсткія нормы па стронцыі, так званыя РДУ-99.
***
У некаторых беларусаў зводкі з нашых наркатычных прытонаў выклікалі шок і непаразуменне.
Як магло так стацца, што ў Беларусі напладзілася каля 150 тысяч ін’екцыйных наркаспажыўцоў? Чаму заканадаўства складзена такім чынам, што макавыя дылеры ў Беларусі аказаліся абароненымі трайной бранёй (гандлююць забруджаным насеннем і праз рынкі, і праз наркатаксі)а колькасць наркаспажыўцоў няўхільна расце і штодня б’е гістарычныя рэкорды?