Настаўніца, якую аштрафавалі на 3800 еўра за платныя дарогі, прайграла суд

У верасні краіна даведалася пра гісторыю простай настаўніцы з Гродзеншчыны, якой налічылі па тагачасным курсе 3800 еўра штрафу за няправільнае карыстанне нашымі платнымі дарогамі.

27-гадовая Людміла Маціевіч доўга марыла пра прыстойную машыну і сама прыгнала з Польшчы чатырохгадовы “Рэно Меган 3”. Але грошай на тое, каб аператыўна паставіць машыну на ўлік, не было. Людміла чакала зарплаты і ездзіла на любімым аўто да працы — у школу аграгарадка Абухова, дзе яна рыхтуе да паступленняў у ВНУ юных мастакоў. Перад зарплатай настаўніцу спынілі транспартныя інспектары і паведамілі пра вялізны штраф. Згодна з правіламі, аўтамабіль на транзітных нумарах таксама павінен аплачваць дарогу, незалежна ад таго, каму ён належыць.

Аўто адвезлі на штрафстаянку, а настаўніца пачала змагацца за сваю праўду.

“Я ўжо прайшла суд Кастрычніцкага раёна Гродна, дзе мяне не падтрымалі. Днямі разглядалася мая касацыйная скарга ў абласным судзе, мне таксама адмовілі, — паведамляе Людміла Маціевіч Еўрарадыё свае пакуль сумныя навіны. — Цяпер чакаю атрымання на рукі рашэнне суда і буду падаваць скаргу ў Вярхоўны суд”.

Сплаціць настаўніца павінна 51 мільён рублёў. Дзякуючы падзенню рубля яе штраф у валюце ўжо скараціўся на 900 еўра. Але ж зарабляе Людміла, працуючы на дзве стаўкі, каля пяці мільёнаў. У прынцыпе, за год, калі перайсці на хлеб і ваду, не плаціць за кватэру і не купляць вопраткі, суму магчыма назбіраць. Але немалыя выдаткі ідуць на паслугі адваката. Ды і аўтамабіль, пакуль яго вернуць, можа ўжо аказацца непрыдатным да язды.

“Машына стаіць проста на штрафстаянцы. А штрафстаянка — гэта асфальт і неба блакітнае. Аўтамабіль дызельны, за зіму, калі не ездзіць, праблемы могуць узнікнуць з паліўнай сістэмай, з тармазной, — уздыхае Людміла. — Невядома яшчэ, колькі выцягне ў выніку рамонт аўто”.

Мне так і сказалі: “Вы яшчэ лёгка адскочылі — на 3800 еўра”

Інфармацыя пра велізарны штраф для звычайнай настаўніцы выклікала хвалю абурэння ў беларусаў. А як яшчэ да гэтага ставіцца? Параўнаем лічбы. Нават за кіраванне ў нецвярозым стане ў Беларусі даюць ад 9 мільёнаў штрафу — амаль у шэсць разоў менш. Пры гэтым Людміла Маціевіч не сядала за руль п’янай ці пад спайсам, не здзяйсняла наезды на пешаходаў і нікога не забівала. Простая настаўніца, якая працуе на дзяржаву, атрымала штраф, накіраваны пераважна на недысцыплінаваных замежнікаў.

З моманту запуску BelToll інспектары сабралі 12,7 мільёна еўра за парушэнні

“Тут ёсць і мая віна. Але я лічу, што мы, звычайныя грамадзяне, былі дрэнна праінфармаваныя пра ўсе гэтыя новаўвядзенні, — выказвае сваю пазіцыю Людміла. — Атрымалася, што транспартнікі мяне раптоўна спынілі і выставілі такі штраф. Яны таксама як след не выконвалі сваю працу. Навошта было адкрываць платную дарогу, калі штаб не быў належным чынам укамплектаваны, калі ад самага пачатку не было ўсяго належнага абсталявання. А я магла накатаць і на 5000 еўра, і на больш. Мне так і сказалі: “Скажыце дзякуй, што мы вас спынілі так рана. Вы яшчэ лёгка адскочылі — на 3800 еўра”.

Пытаемся ў Людмілы, чаму яна не паставіла машыну своечасова на ўлік ДАІ.

“У Польшчы, дзе я шукала машыну, правяла нямала дзён, плаціла за пражыванне. Пасля пакупкі і размытнёўкі ў мяне заставаліся грошы толькі на бензін, каб даехаць да працы. Чакала зарплаты, каб аформіць машыну ў ДАІ. Машыну я прывезла ў сярэдзіне жніўня. За гэты час наездзіла з Гродна да працы на 38 парушэнняў. І нават пра гэта не здагадвалася. Участак платнай дарогі займаў усяго 4 кіламетры. Дарэчы, аб’езд па альтэрнатыўным шляху складае 92 км. Гэтая платная дарога пачала працаваць з першага жніўня. Сам офіс транспартнікаў адкрыўся з першага верасня. А спецмашына, якая выяўляла парушальнікаў, з’явілася ў іх 16 верасня. І менавіта ў гэты дзень яны мяне спынілі. Выходзіць, у тым ліку я павінная адказваць і за недастатковую падрыхтаванасць транспартнай інспекцыі”.

За месяц на платных дарогах зафіксавалі 110 тысяч парушэнняў

 

“Я не замежны грамадзянін, не дальнабойшчык, я проста ездзіла на працу”

Яшчэ адна прэтэнзія Людмілы Маціевіч у тым, што яе штрафуюць у тым ліку за першыя дзесяць дзён, цягам якіх яна магла на 100% легальна ездзіць па Беларусі да пастаноўкі аўтамабіля на ўлік у ДАІ.

 

BelToll: Нас абвінавачвалі, маўляў, зрабілі сістэму, каб збіраць штрафы

“Я бачу недапрацоўкі з боку транспартнай інспекцыі і недасканаласць законаў. Вы ж бачыце, я не замежны грамадзянін, не дальнабойшчык, я проста ездзіла на працу. Павінныя ж быць нейкія выключэнні, — лічыць Людміла. — Сёння дзеля пяці мільёнаў я працую на дзве стаўкі з раніцы і да паловы восьмай вечара. Праз гэтую гісторыю я, можна сказаць, і не жыву. Адкладваю грошы на штраф і думаю, як заплаціць адвакату. Таму ў мяне жыццё стала даволі скупым”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі