Navi “Лови”

Дэбютны альбом “Лови” зусім яшчэ маладога гурта Navi — хіба не самы чаканы рэліз пачатку 2014 года. Так здараецца, але ў выніку ён жа стаў і самым галоўным расчараваннем. Трэкі, якія выходзілі ў якасці сінглаў-папярэднікаў, засталіся асноўнымі хітамі дыска. Менавіта дзякуючы ім дуэт Арцёма Лук’яненкі ды Ксеніі Жук успрымаўся як беларускі варыянт спалучэння Сяргея Бабкіна, першых запісаў Bumbox і лірычных песень 5’nizza.

Нават, калі б усе трэкі дэбютніка былі вытрыманыя ў стылістыцы “Абдымі” ды “Не засынай”, то было б значна лепш, чым ёсць! Тым больш, музыкі не раз прызнаваліся ў захапленні творчасцю Бабкіна. Але, па-першае, большасць трэкаў “Лови” — хоць і нязвыкла якасная, але ― стоадсоткавая эстрадная музыка. Па-другое, у некаторых трэках здараюцца настолькі нечаканыя аранжыроўкі са штучнымі электроннымі сэмпламі ды бітамі, што робіцца крыўдна. Асабліва “кранае”, што менавіта такое гучанне ў песні з гаваркім тытулам “Наш мотив”, якая, мяркуючы па словах прыпева, дала назву альбому.

Тым не менш, “Лови” — адзін з лепшых рэлізаў апошніх гадоў на беларускай поп-сцэне. Калі б наша эстрада была такой жа па шчырасці, энергетыцы ды нават якасці, як Navi; каб тэксты песень беларускіх поп-выканаўцаў пісаліся няхай і за грошы, але так жа ад душы, з разуменнем і верай у апісаныя эмоцыі, то я б з задавальненнем слухаў беларускую папсу, нават, у машыне.

Чацвёрты нумар — адзіная сапраўды жвавая і вясёлая кампазіцыя “Лови”. Але яна нагадвае прыкладна 70% песень-канкурсантаў Нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне”. Можа, і сапраўды варта было б прытрымаць “Фа-Фа-Фа” да наступнага міжнароднага музычнага форуму!? Бо магчымасць удзелу была б вельмі рэальнай.

Калі дуэт нарэшце пераўтворыцца ў, напрыклад, квартэт з бас-гітарай ды барабанамі, то абсалютна дакладна ён здолее стрэліць яшчэ раз і на больш шырокую аўдыторыю. Тым больш, размовы пра нешта падобнае вяліся яшчэ падчас падрыхтоўкі “Лови”. І нават у дзень прэзентацыі альбома Арцём Лук’яненка абяцаў заўважныя змены ўжо на наступным рэлізе.

"Наступны матэрыял будзе больш жывым і дарослым. Там будуць думкі не толькі пра каханне, але і пра імкненне наперад у жыцці. І ў плане гучання будзе больш драйву, чым акустычнай гітары".

Будзем чакаць! А пакуль аддадзім 6 балаў за круты падбор песень для сінглаў-папярэднікаў!

Трэк-ліст:

  • 01 – О тебе!
  • 02 – Love Story
  • 03 – Далеко
  • 04 – Фа-Фа-Фа
  • 05 – На моей душе
  • 06 – Не засынай
  • 07 – Абдымі мяне
  • 08 – Прости
  • 09 – Наш мотив

Паслухаць ды скачаць альбом можна тут!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі