Назіральнікі АБСЕ: Нас не хвалюе, які працэнт галасоў атрымаў кіраўнік Беларусі
Самыя негатыўныя моманты прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі — немагчымасць назіраць за падлікам галасоў, адсутнасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбаркамах, а таксама няроўныя ўмовы для канкурэнцыі. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі 12 красавіка заявілі кіраўнікі місій назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ Жак Фор, ПА АБСЕ Джым Уолш, АБСЕ Кент Хёрсэтд і ПАСЕ Рэха Дэнемеч.
Асабліва расчаравала назіральнікаў немагчымасць бачыць працэс падліку галасоў, заявіў каардынатар кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Кент Хёрсэтд.
“Мы атрымлівалі пазітыўныя адказы з ЦВК, што будзе ў гэтым пытанні прагрэс і я асабіста атрымаў пацверджанне для назіральнікаў АБСЕ, што яны змогуць бачыць падлік. Але сітуацыя на ўчастках была вельмі рознай: дзесьці на 30% участкаў мы не змаглі назіраць за падлікам галасоў. І гэта выклікае заклапочанасць. Мы думалі, што мы дасягнулі прагрэсу, прасунуліся наперад у гэтым пытанні… Асабіста я вельмі расчараваны”.
Па словах Кента Хёрсэтда, ніякая геапалітыка не будзе ўплываць на канчатковую справаздачу іх місіі. Па яго словах, іх місію цікавяць толькі падзеі датычныя дадзеных выбараў і “яны не паддаюцца ніякаму палітычнаму ўціску”.
Не паўплывае на выніковую рэзалюцыю міжнародных назіральнікаў і высокая лічба, з якой выбары выйграе Аляксандр Лукашэнка. Па словах ПА АБСЕ Джыма Уолша, для іх галоўнае, каб “працэс быў карэктным і адпавядаў міжнародным стандартам – каб атрыманы вынік адлюстроўваю волю народа”.
Канчатковая справаздачы міжнародных назіральнікаў з’явіцца праз два месяцы, паабяцаў Кент Хёрсэтд.
Фота: Зміцер Лукашук