Назіральнікі АБСЕ расчараваныя тым, што нельга было бачыць падлік галасоў

Назіральнікі АБСЕ расчараваныя тым, што нельга было бачыць падлік галасоў

Беларусь чакае яшчэ доўгі шлях да дэмакратычных выбараў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў каардынатар кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Кент Хёрсэтд. Ён павітаў вызваленне палітвязняў, выказаў надзею, што гэта больш не паўторыцца, а таксама падзякаваў за добры прыём. Ён адзначыў, што перашкодаў для працы не было.

Але, разам з тым, ён заявіў, што прагрэсу ў выбарчым працэсе не адбылося. І назіральнікі спадзяюцца на сур’ёзныя рэформы выбарчай сістэмы, каб выправіць сур’ёзныя недахопы.

З негатыўных момантаў ён назваў немагчымасць назіраць за падлікам галасоў, адсутнасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбаркамах, а таксама няроўныя ўмовы для канкурэнцыі.

З пазітыўных: кандыдатам дазвалялася весці кампанію па ўсёй краіне, не было цэнзуравання падчас выступаў па тэлебачанні і тое, што дзень выбараў прайшоў спакойна.

Кіраўнік назіральнікаў ад ПАСЕ Рэха Дэнемеч заявіў, што яго назіральнікі не заўважылі ціску на выбаршчыкаў, убачылі назіральнікаў на участках. Аднак, ён заявіў, што “выбары ― гэта не толькі галасаванне”. Ён прапанаваў паслугі ПАСЕ для таго, каб правесці рэформы, якія б палепшылі асяроддзе для канкурэнтнай барацьбы.

Джым Уолш, кіраўнік назіральнікаў ад ПА АБСЕ, адзначыў ролю Беларусі ў урэгуляванні ўсходнеўкраінскага канфлікту. Але крытыкуе кампанію за недасканалае заканадаўства, якое звязанае з фармаваннем выбарчых камісій. З-за чаго ў іх няма апазіцыйных сілаў. Крытыкуе і непразрысты падлік галасоў, а таксама немагчымасць усім жадаючым кандыдатам удзельнічаць у выбарах.

Кіраўнік доўгатэрміновай місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ Жак Фор, што ўмовы выбараў амаль не змяніліся з мінулага разу.

Ён узгадаў з крытычнага боку непразрыстае заканадаўства, асабліва падчас датэрміновага і выязнога галасавання. Непразрыстыя ўмовы фармавання выбаркамаў і больш выгадныя умовы па зборы подпісаў для некаторых кандыдатаў. А таксама немагчымасць назіральнікаў бачыць усе этапы працы выбаркамаў.

Са станоўчых момантаў Фор адзначыў прысутнасць жанчыны, як кандыдата і шырокую прысутнасць жанчын у выбаркамах.

Акрамя гэтага, у справаздачы БДІПЧ АБСЕ адзначаецца, што “выбарчы працэс у дзень галасавання быў ацэнены пазітыўна на 95% выбарчых участках, дзе праводзілася назіранне, але вялікай колькасці назіральнікаў не дазволілі праверыць спісы выбаршчыкаў, а ідэнтычныя на выгляд подпісы зафіксаваныя на 47 участках. Працэс падліку галасоў быў ацэнены адмоўна на 30% выбарчых участкаў, дзе праводзілася назіранне, што паказвае на значныя праблемы. Працэс падсумавання вынікаў галасавання быў ацэнены як негатыўны і пазбаўлены празрыстасці на 25% выбарчых участкаў, дзе былі назіральнікі”.

Фота: Зміцер Лукашук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі