“Не бойся”: Міхаіл Аршынскі зняў фільм пра лёсы валанцёраў каманды Ціханоўскага

“Не бойся”: Міхаіл Аршынскі зняў фільм пра лёсы валанцёраў каманды Ціханоўскага

“Больш за дзесяць гадоў таму пачынаў з аператара, пасля рабіў рэпартажы, потым зняў свой першы дакументальны фільм, пасля ўзяў паўзу ў дакументалістыцы, але заўсёды хацеў займацца ёю далей”, — расказвае пра сябе Еўрарадыё беларускі дакументаліст і журналіст Міхаіл Аршынскі

На пачатку верасня яго фільм “Не бойся” стаў пераможцам прэстыжнага фестывалю  Hinzpeter Awards і атрымаў галоўны прыз, які называецца “Свет на раздарожжы”.

У фільме паказаныя лёсы людзей, якія адгукнуліся на заклік блогера Сяргея Ціханоўскага і ўзялі ўдзел у беларускай прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Падзеі паказаныя праз прызму назіранняў Аршынскага, які стаўся сведкам неймавернага палітычнага супрацьстаяння 2020 года.

У размове з Еўрарадыё Аршынскі расказвае, чаму з’ехаў з Беларусі, як працаваў над сваёй стужкай, а таксама чым прыкметны фестываль, на якім адзначылі яго фільм. 

“Не бойся”: Міхаіл Аршынскі зняў фільм пра лёсы валанцёраў каманды Ціханоўскага
Беларускі дакументаліст і журналіст Міхаіл Аршынскі / архіў

Міхаіл Аршынскі: Hinzpeter Awards — гэта паўднёвакарэйскі фестываль кіно, які мае даволі цікавую гісторыю. Яго назвалі ў гонар нямецкага журналіста Юргена Хінцпетэра. Ён задакументаваў падзеі, якія адбываліся ў час таго, калі аўтарытарны рэжым у Паўднёвай Карэі спыняў сваё існаванне. Можна правесці паралелі з падзеямі, што адбываліся ў Беларусі пасля жніўня 2020 года: там таксама былі разгоны і забойствы. 

Хінцпетэр быў адзіным, хто здолеў задакументаваць усе гэтыя катаванні, таму паўднёвыя карэйцы вельмі яму ўдзячныя. У Сеуле нават ёсць яго памятная дошка. 

Мяркую, што, калі карэйцы пабачылі мой фільм, яго сюжэт паказаўся ім блізкім, бо яны згадалі сваю гісторыю.

Па шчырасці, я не чакаў, што мой фільм выйграе хоць нейкую ўзнагароду.

 

Еўрарадыё: Пра што ваш фільм?

Міхаіл Аршынскі: Мой фільм пабудаваны на гісторыях людзей, якія зрабілі ўсё, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі. 

Усё пачалося з майго знаёмства з Сяргеем Ціханоўскім, калі ў пачатку 2020 года ён прыехаў да мяне здымаць стрым. Пасля ўсё так закруцілася, што я далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай, але не ў якасці ўдзельніка, а як журналіст і дакументаліст. 

Здымаў усё, што адбывалася ўнутры: у штабе, у час збору подпісаў, потым — у час іх падліку. Можна сказаць, што мне пашанцавала з тым, што Ціханоўская стала адзіным лідарам прэзідэнцкай гонкі, і я працягнуў сваі назіранні ў камандзе далей. Ездзіў са штабам па ўсёй Беларусі, каманда лічыла мяне за свайго. 

Мне ўдалося праназіраць увесь выбарчы працэс, ад пачатку да канца, і лагічнай кропкай майго фільма сталі выбары. Я вырашыў на гэтым скончыць. Канешне, можна было працягваць здымаць далей, але гэта іншая гісторыя і іншае кіно.

“Не бойся”: Міхаіл Аршынскі зняў фільм пра лёсы валанцёраў каманды Ціханоўскага
З Сяргеем Ціханоўскім / архіў

Еўрарадыё: На працу вас натхніла знаёмства з Сяргеем Ціханоўскім?

Міхаіл Аршынскі: Мяне натхніла тое, што хутка адбудуцца нейкія перамены. Я адчуваў, што зараз будзе нейкі дзвіж, які мы раней не бачылі.

Калі я пазнаёміўся з Сяргеем Ціханоўскім, зразумеў, што гэты чалавек вельмі разумны і няпросты. 

Лічу, што яму ўдалося адчуць, што патрэбна народу, таму ён ведаў, як сябе трэба паводзіць. Гэта быў разрыў шаблону. Ён пачаў рабіць зусім не тое, што рабілі класічныя апазіцыйныя палітыкі, якія сваімі дзеяннямі ў выніку прыходзілі да аднаго і таго ж за ўсе гады праўлення Лукашэнкі. 

Я зраземеў, што, у прынцыпе, Ціханоўскі ведае тую формулу, якая дапаможа перамагчы на выбарах і змяніць сітуацыю ў Беларусі. Мяркую, што, калі б яго не затрымалі, гэта б атрымалася. 

 

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што вы добра ведаеце ўсю сям’ю Ціханоўскіх. Што можаце расказаць пра Святлану?

Міхаіл Аршынскі: Жонку Сяргея ведаю не так добра. Мая прынцыповая пазіцыя — быць крыху збоку. Мы часам перакідваліся словамі, але я спецыяльна не хацеў знаёміцца бліжэй. 

З іншага боку, назіраючы за ёю, я адчуў, што гэта баец. Спачатку ў яе была нейкая няўпэўненасць у сабе, яна баялася камунікаваць. Пасля гэтыя ўнутранныя бар’еры рушыліся і з’яўлялася ўжо ўпэўненая ў сабе жанчына, якая перамагае свой страх і хоча дабіцца таго, каб ейны муж быў вызвалены і нешта перамянілася ў нашым жыцці.

“Не бойся”: Міхаіл Аршынскі зняў фільм пра лёсы валанцёраў каманды Ціханоўскага
Святлана Ціханоўская / Таццяна Менская, Еўрарадыё

Еўрарадыё: Падзяліцеся, калі ласка, сваімі назіраннямі ў час здымкі.

Міхаіл Аршынскі: Ведаеце, я магу ўпэўнена казаць, што зняў фільм пра галоўныя падзеі 2020 года ў Беларусі. Гэта быў час, калі народ дзякуючы гэтаму каталізатару — сям’і Ціханоўскіх — проста паўстаў. 

Канешне, калі я вандраваў па гарадах, то знаходзіўся ў нейкім шоку, бо ніхто не мог паверыць, што вось гэтыя людзі не тое каб прачнуліся, але ўжо патрабуюць сваёй свабоды. Магчыма, мы не разумелі тады, што ў галовах людзей, таму гэта і было знянацку. 

“Не бойся”: Міхаіл Аршынскі зняў фільм пра лёсы валанцёраў каманды Ціханоўскага
Каманда / архіў

Еўрарадыё: Чаму фільм называецца “Не бойся”?

Міхаіл Аршынскі: Гэты фільм як пра мой страх, так і пра страх іншых людзей, той жа Ціханоўскай, калі яна рушыла ўсе бар’еры і калі пазбаўлялася свайго страху. Фільм і пра тое, што мела на ўвазе Марыя Калеснікава, калі казала: “Не бойцеся, нас большасць”. Каб перамагчы дыктатуру, трэба перамагчы свой уласны страх — вось такая асноўная думка. Людзі выходзілі і перамагалі свой уласны страх, робячы тое, што не рабілі да гэтага.

“Не бойся” — гэта экстрапаляцыя ўсяго страху, які быў у краіне, і перамогі над гэтым страхам. 

 

Еўрарадыё: На пачатку фільма вы гаворыце, што цяпер у бяспецы. Чаго вы баяліся, калі і куды з’ехалі?

Міхаіл Аршынскі: У снежні мінулага года я вымушаны быў выехаць у Варшаву. Я разумеў, што, калі застануся ў краіне, рана ці позна да мяне прыйдуць і, хутчэй за ўсё, гэта будзе рана праз маю сувязь з Ціханоўскім і блогерскай дзейнасцю. 

Я быў затрыманы і павінен быў сядзець больш за 20 сутак, але мяне выпусцілі раней. Калі выйшаў, у мяне з’явіўся страх, што магу трапіць на вялікі тэрмін. Асабліва пасля таго, калі не вызвалілі групу людзей, якія былі звязаныя з Ціханоўскім. 

Таксама я зразумеў, што адказваю не толькі за сябе, а яшчэ за людзей, якіх я здымаў. Адна рэч быць героем і заставацца ў Беларусі, а пасля сесці ў СІЗА, а іншая — калі б мае архівы аказаліся ў руках сілавікоў, якія б маглі даволі суб’ектыўна іх аргументаваць у сваіх інтарэсах. Таму я вырашыў з’ехаць і дарабіць сваю працу. 

“Не бойся”: Міхаіл Аршынскі зняў фільм пра лёсы валанцёраў каманды Ціханоўскага
Міхаіл Аршынскі / архіў

Еўрарадыё: Вы не баіцеся, што пасля вашага фільма будуць пытанні да тых, каго вы здымалі?

Міхаіл Аршынскі: Усе гэтыя пытанні я вырашаў з імі асабіста. Каго трэба было абараніць, мы схавалі. Некаторыя ўжо знаходзяцца ў бяспецы.  

 

Еўрарадыё: Што думаеце наконт працы журналістаў і дакументалістаў у Беларусі цяпер?

Міхаіл Аршынскі: Я мяркую, што павінна быць нейкая адліга, павінны пачаць выпускаць людзей. Рэжым павінен пайсці на перамовы. Я спадзяюся на змены да лепшага. Разумею, што беларусы прызвычайваюцца, што дна нібыта няма, але ёсць надзея, што гэта ўсё скончыцца. 

Пераехаўшы ў Варшаву, я працягваю сваю журналісцкую дзейнасць. Вядома, цяпер пераязджае шмат людзей, у тым ліку супрацоўнікаў медыя. Я ведаю, што можа ўзнікаць адчуванне, маўляў, што нам тут усім рабіць? Але магу сказаць з упэўненасцю: трэба проста шукаць новыя формы працы, а таксама вывучаць метады бяспечнай камунікацыі з людзьмі з Беларусі. Трэба мяняцца, бо свет мяняецца.

“Не бойся”: Міхаіл Аршынскі зняў фільм пра лёсы валанцёраў каманды Ціханоўскага
У час працы / архіў

Еўрарадыё: Вы казалі, што раней ужо спрабавалі здымаць дакументалістыку, пасля быў перапынак, а пасля — знялі фільм, які стаў пераможцам фестывалю. Можа, у вас ёсць нейкія новыя планы?

Міхаіл Аршынскі: Мне прапанавалі працягваць здымкі, але пакуль я не хачу гэтым займацца, бо занадта сумна. Многія журналісты і дакументалісты цяпер здымаюць беларусаў, якія былі вымушаны пераехаць сюды, і расказваюць пра іх лёсы. Навошта рабіць тое самае?

Але я разумею, што працяг фільма павінен быць. У ім будзе пра тое, што адбылося ў выніку ўсяго таго, што я паказаў у фільме “Не бойся”. Мне здаецца, што фінальнай кропкі яшчэ не было. А вось якая яна будзе… Калі я адчую, што падзеi пачынаюць развівацца…. Ніхто не ведае, на колькі гадоў гэта можа зацягнуцца. Тады я пачну здымаць, і гэта будзе другі мой фільм, які ўвойдзе ў серыю з двух фільмаў.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі