Не перасаліць: як змагаюцца з галалёдзіцай у Беларусі і іншых краінах

Зіма

Зіма / pixabay

Сёння ўвечары вы вернецеся дадому і залямантуеце: "Але гэта ж былі новыя чаравікі!" Год за годам на беларускія дарогі ў галалёдзіцу высыпаюць тоны пясчана-салянай сумесі. Яна шкодзіць не толькі вашаму абутку, але і лапам жывёлаў, раслінам, а яшчэ выклікае карозію металічных канструкцый.

"Экадом" разабраўся, чым пасыпаюць беларускія вуліцы і ці ёсць альтэрнатыва.

 

Чым пасыпаюць аўтамабільныя дарогі?

Склад рэагентаў прапісаны ў дакуменце "Зімовае ўтрыманне аўтамабільных дарог агульнага карыстання Рэспублікі Беларусь".

Самы распаўсюджаны ў Беларусі спосаб змагацца з лёдам на дарогах — сумесь пяску і солі. Ён эфектыўны, хутка разбурае галалёдную плёнку, павышае каэфіцыент счаплення, але выкарыстоўваць яго можна, толькі калі тэмпература не падае ніжэй за -15°C.

Не пересолить: как борются с гололедицей в Беларуси и других странах
Мінск / ecohome.ngo

Калі мароз не такі моцны — каля -10°C, — можна выкарыстоўваць хімічны спосаб барацьбы з галалёдам. Гэта значыць, ужываць спецыяльныя матэрыялы — сыпкія (напрыклад, тэхнічную соль) або вадкія (рапу, пластовыя воды).

Усё гэта эфектыўна, але не экалагічна.

 

Танная соль мацнейшая за дарагія крэмы для абутку

Па-першае, соль можа шкодзіць аўтамабілям, арматуры і бетону.

Каб прадухіліць ці мінімізаваць разбуральны працэс, у тэхнічную соль і вадкія хларыды дадаюць інгібітары. Імі могуць зрабіцца мясцовыя прамысловыя адкіды, якія змяшчаюць фасфаты, піша "Экадом".

Па-другое, наступствы апрацоўкі дарог вы кожны дзень бачыце на сваім абутку. Калі мы ходзім па дарогах, пасыпаных сумессю, на ботах і чаравіках з'яўляюцца характэрныя белыя "разводы". І чым танчэйшы матэрыял абутку, тым імаверней, што праслужыць ён зусім нядоўга. Можна паспрабаваць выкарыстоўваць ахоўны крэм, але на практыцы танная соль аказваецца мацнейшай за дарагія сродкі догляду, дадаюць спецыялісты "Экадома".

А цяпер уявіце, як гэта ўплывае на неабароненыя лапы жывёлаў.

Не пересолить: как борются с гололедицей в Беларуси и других странах
Шчанюк / pixabay

— У майго калегі сабака, вялікі, як у фільме пра Шурыка, дзе яны кармілі яго доктарскай каўбасой. Шпацыруюць яны па Зялёным Лузе, бліжэй да Цнянскага вадасховішча. А вось праз дарогу ён яго на руках носіць, цяля такое. Бо калі ў лапы трапляе супрацьгалалёдная сумесь, то сабака потым скуголіць, трэскаюцца падушачкі на лапках. Цэлая бяда, расказвае мінчанка.

Ветэрынары раяць уладальнікам хатніх жывёлаў абыходзіць тратуары, перад шпацырам апрацоўваць лапы плёнкаўтваральнымі аэразолямі, спецыяльнымі крэмамі або надзяваць "чаравічкі" са скураной падэшвай, а пасля выгулу прамываць лапы ад сумесі.

Раслінам, якія растуць уздоўж дарог, хларыд натрыю таксама шкодзіць і выклікае салявы апёк. Беларускія навукоўцы з Акадэміі навук раней казалі, што адмова ад солі ў барацьбе з галалёдзіцай можа выратаваць да 50% дрэваў, якія растуць уздоўж магістраляў.

 

Адкуль бярэцца гэтая соль

У Беларусі часцей за ўсё выкарыстоўваюць адкіды салігорскіх калійных камбінатаў. У гэтым сезоне дарожныя службы Мінска нарыхтавалі для барацьбы з галалёднымі з'явамі каля 37 тыс. т пясчана-салянай сумесі, у сховішчах знаходзіцца больш за 6 тыс. т тэхнічнай солі.

"Таксама ёсць інфармацыя, што гэтай зімой у цэнтры горада на участках вул. Свярдлова і Ульянаўскай будуць выкарыстоўваць супрацьгалалёдныя матэрыялы са спецыяльным інгібіравальным дадаткам. Ёсць надзея, што ён дапаможа знізіць агрэсіўнае ўздзеянне солі на металы, скуру і зеляніну. Экаабаронцы чакаюць інфармацыі пра хімічны склад сумесі, перш чым пацвердзіць або абвергнуць заявы дарожнікаў", — піша "Экадом".

І на аўтамабільных дарогах, і ў дварах з галалёдзіцай змагаюцца старым правераным спосабам: пасыпаюць тэхнічнай соллю і пясчана-салянай сумессю. І не заўсёды выконваюць нарматывы. Крыніцы "Экадома" расказвалі, што праз складаныя ўмовы надвор'я аб'ёмы сумесі не лімітаваліся і апрацоўка супрацьгалалёднымі рэагентамі вялася ўвесь час.

 

А што робяць у Еўропе?

Многія краіны адмаўляюцца ад выкарыстання хімічных рэагентаў — солі і яе вытворных. Часцей за ўсё аўтамабільныя дарогі знаходзяцца пад кантролем камунальных службаў, а дарогі да дамоў і арганізацый чысцяць жыхары.

У Нарвегіі і Ісландыі цеплакамунікацыі пракладаюцца проста пад пешаходнымі дарожкамі і аўтамагістралямі, а таму ні снег, ні лёд на іх не затрымліваюцца. Акрамя гэтага, выкарыстоўваецца метад Торгейра Ваа, пры якім ледзяное пакрыццё на дарогах паліваюць сумессю гарачай вады з пяском. Гэты метад вынайдзены ў Швецыі, дзе ён таксама актыўна ўжываецца.

Не пересолить: как борются с гололедицей в Беларуси и других странах
Швецыя, Стакгольм / pixabay

У Японіі галалёд — справа звычайная. І нягледзячы на тое, што з года ў год тысячы людзей атрымліваюць траўмы, упаўшы на слізкіх ходніках, выкарыстоўваць рэагенты не дазваляецца. А са снегам спраўляюцца толькі з дапамогай тэхнікі. Спачатку выязджаюць свідравыя машыны і прабіваюць шлях для экскаватараў. Тыя скідаюць снег на ўзбочыну і ўздоўж дарог выбудоўваюць велізарныя снежныя тунэлі вышынёй да 2 метраў. Ёсць у Японіі і гарады з падагрэвам асфальту, але ў асноўным ачыстка тратуараў ад снегу цалкам ляжыць на саміх жыхарах.

Скандынавія таксама адмовілася ад выкарыстання хімічных рэагентаў. Снежныя завалы расчышчае камунальная служба тэхнікай, але не да асфальту, а пакідаючы пласт у некалькі сантыметраў. Далей яго ўкатваюць і пасыпаюць крошкай або жвірам, а вясной матэрыял збіраюць спецыяльнымі пыласосамі, чысцяць і адвозяць на захаванне да наступнай зімы.

Аўстрыя, Германія і Фінляндыя звяртаюцца да фрыкцыйнага метаду барацьбы з наледдзю. Для гэтага выкарыстоўваецца каменная крошка або пясок — матэрыял, які можна выкарыстоўваць паўторна без шкоды для навакольнага асяроддзя.

У Нідэрландах пераважаюць разумныя дарогі, а ў якасці рэагента выкарыстоўваецца соль з расолам: такая сумесь працуе хутчэй і больш эфектыўна. Дарожнікі дазнаюцца пра снегапад за 3 гадзіны да ападкаў з ERP (сістэма аўтаматызаванага кіравання). Таксама на галоўных аўтамагістралях краіны ў асфальтабетон умантавана каля 330 тысяч спецыяльных датчыкаў, якія інфармуюць пра тэмпературу дарожнага пакрыцця.

У Швейцарыі для пасыпкі дарог выкарыстоўваецца соль з дадаткам 25-40 вагавых адсоткаў вады. Пры гэтым замочваць трэба сумесь з 70% звычайнай солі і 30% хлорыстага калію (гэта папулярнае натуральнае ўгнаенне). Так эканоміцца соль, змяншаецца яе шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе і мокры снег доўга не замярзае.

А ў Львове і Кракаве для барацьбы з галалёдам паркавыя дарожкі пасыпалі кававай гушчай.

Не пересолить: как борются с гололедицей в Беларуси и других странах
Кава / pixabay

Калі прааналізаваць сусветны досвед барацьбы са снегам і галалёдам, атрымліваецца, што найлепшы спосаб — своечасова і грунтоўна прыбіраць снег. Не чакаць, пакуль ён выпадзе і будзе ўтаптаны да наледзі, а потым засыпаць яго тонай солі. Таксама неабходна строга выконваць нарматывы выкарыстання хімічных рэагентаў, асабліва паблізу вадаёмаў і водаахоўных зон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі