Невядомыя ўчынілі стральбу ў Вене ў шасці розных месцах: ёсць ахвяры
Паліцыя блакуе вуліцу ў Вене / Reuters
Тры чалавекі загінулі, яшчэ 14 пацярпелі падчас стральбы, якая адбылася напярэдадні вечарам у Вене, паведамляе аўстрыйскае выданне Wiener Zeitung.
Стралялі ў шасці розных месцах горада. Адзін з тых, хто нападаў, быў забіты паліцыяй. На ім быў пояс, але паліцыя не гатова пацвердзіць, што гэта быў пояс з выбухоўкай, заявіў прэс-сакратар МУС краіны Харальд Сёрёс.
"Трое загінулых — гэта тры мірныя жыхары. Чацвёрты — злачынца", — сказаў кіраўнік МУС Аўстрыі Карл Нехаммер.
Як мінімум яшчэ аднаму нападніку ўдалося схавацца. Нехаммер папрасіў жыхароў Вены па магчымасці заставацца дома. Школы ў аўторак вырашана закрыць.
Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц назваў тое, што адбылося ў цэнтры Вены ўвечары ў панядзелак, "агідным тэрарыстычным актам".
Выданне таксама цытуе амерыканскую кампанію Site, якая спецыялізуецца на маніторынгу ісламісцкіх вэб-сайтаў. Site перадрукавала ў сябе аднаго з ісламістаў, які сцвярджае, што напад ў Вене з'яўляецца "часткай рахунка за ўдзел Аўстрыі ў кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША".
Беларускіх грамадзян сярод пацярпелых пры стральбе ў Вене няма, паведамляе Sputnik Беларусь са спасылкай на прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза.
"Па актуальнай інфармацыі, сярод пацярпелых грамадзян Беларусі няма. Аднак пасольства Беларусі ў Вене знаходзіцца ўсё яшчэ ў кантакце з кампетэнтнымі органамі Аўстрыі", — сказаў Глаз.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.