Ніна Багінская выйшла да КДБ з плакатам "Свабоду палітвязням!", яе затрымалі

Ніна Багінская выйшла да КДБ з плакатам "Свабоду палітвязням!", яе затрымалі

У пятніцу каля 14.30 вядомая актывістка дэмакратычнага руху і ўдзельніца шматлікіх вулічных акцый Ніна Багінская выйшла да будынка КДБ на праспекце Незалежнасці ў Мінску. У руках яна трымае плакат "Свабоду палітвязням!". На плакаце пералічваюцца 25 актывістаў, затрыманыя ў апошнія дні, а таксама палітвязні, якія раней трапілі за краты.

Праз некалькі хвілінаў пасля пачатку пікета да ўваходу ў КДБ пад'ехаў класічны сіні мікрааўтобус Volkswagen. З яго выйшлі два амапаўцы. Але затрымліваць Багінскую яны не сталі — магчыма, таму, што амаль адразу да яе пачалі падыходзіць мінакі і журналісты.

"Я пачула, што шмат моладзі затрымалі. На працы, як Дашкевіча, ці ў іншых умовах. Дашкевічу трэба працаваць, дзяцей карміць, а яго забралі. А чаму? Бо яны [улады. — Еўрарадыё] не хочуць, каб нацыянальна-свядомая, лепшая моладь прыйшла на свята Дня волі і прывяла сваіх сяброў і знаёмых. таму я напісала плакат, каб іх вызвалілі. Тут збоку яшчэ палітзняволеныя Бандарэнка і Жамчужны, якія сядзяць, і іх баяцца выпусціць. А вось гэтыя 25 чалавек — гэта моладзь. Пазаўчора, учора іх затрымлівалі. Яны сядзяць тут, у "амерыканцы" [следчы ізалятар КДБ. — Еўрарадыё], на "валадарцы" [СІЗА №1 г. Мінска. — Еўрарадыё]. Таму я выйшла сюды, да КДБ", — распавяла Еўрарадыё спадарыня Багінская.

Пэўны час амапаўцы ўтрымліваліся ад актыўных дзеянняў, але ў 14:55 Багінскую ўсё ж затрымалі, падагнаўшы бус ушчыльную да месца, дзе яна праводзіла пікет. Яе акцыя доўжылася блізу паўгадзіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі