НН: Пра бабло і цёлак на нарадзе ў Лукашэнкі пісаў былы віцэ-прэм'ер
Фразу "Бабла мала, няма мерсэдэсаў, цёлкі на задн..." — пісаў былы віцэ-прэм'ер Уладзімір Дражын, сцвярджае nn.by.
Як распавядала Еўрарадыё, 18 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па развіцці летніх відаў спорту. У сюжэце, які паказаў тэлеканал АНТ, было бачна, як адзін з чыноўнікаў падчас нарады піша: "Бабла мала, няма мерсэдэсаў, цёлкі на задн..."
Прааналізаваўшы відэазапісы іншых тэлеканалаў, журналісты nn.by прыйшлі да высновы, што запіс рабіў Уладзімір Дражын — былы віцэ-прэм'ер (2001-2005), былы пасол Беларусі ў Літве (2006-2013). Цяпер ён узначальвае федэрацыю гольфа.
Журналісты дазваніліся яму, каб удакладніць, чым заканчваецца недапісаны ў кадры тэкст.
"Я быў на нарадзе, і мы абмяркоўвалі вельмі важныя пытанні, якія цікавяць сёння і нашае грамадства, і спартоўцаў, і трэнераў, і гэтак далей. Таму на нейкія пытанні, якія вы мне ставіце, я сёння не адказваю, таму што галоўны складнік — стваральны працэс, які мы павінны забяспечыць", — сышоў ад адказу Дражын.
На заканчэнне размовы ён дадаў: "Давайце мы разам з вамі будзем гэтую лінію працягваць. А на гэтыя пытанні я сёння не рэагую, таму я вам жадаю поспехаў, усяго харошага".