Новым прэм'ерам Канады стане Марк Карні

Марк Карні пасля перамогі

Марк Карні пасля перамогі / Reuters

Новым прэм'ерам Канады стане 59-гадовы Марк Карні, вядомы эканаміст, былы кіраўнік Банка Канады і Банка Англіі. Ён быў адзіным кандыдатам на пасаду лідэра Ліберальнай партыі Канады, які не ўваходзіў ва ўрад Джасціна Трудо. Па выніках галасавання Карні набраў 85,9%, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Трудо ў пачатку года заявіў пра намер сысці ў адстаўку, і Марк Карні яго зменіць. Акрамя цяжкай барацьбы з апазіцыяй на будучых усеагульных выбарах (Ліберальная партыя губляе папулярнасць), новаму прэм'ер-міністру трэба будзе весці няпростыя перамовы з ЗША аб тарыфах на фоне тэрытарыяльных прэтэнзій прэзідэнта Дональда Трампа.

Пасля перамогі Карні абвінаваціў Трампа ў імкненні захапіць Канаду. "Амерыканцам патрэбныя нашы рэсурсы, наша вада, наша зямля, наша краіна, — гаварыў ён. — Калі б ім гэта ўдалося, яны б знішчылі наш лад жыцця... Амерыка — гэта не Канада. Канада ніколі не будзе часткай Амерыкі ні ў якім выглядзе, ні ў якой форме!".

"Яшчэ адзін еўрапейскі лідар з’явіўся каля парога Трампа". Так заходнія медыя пішуць пра будучага прэм’ера Канады. Марк Карні мае даўнія сувязі ў Еўропе і выдатныя адносіны з еўрапейскімі лідарамі. “Еўрапейскія лідары хутка змогуць цешыцца тым, што адзін з іх будзе сядзець на поўнач ад мяжы з Злучанымі Штатамі”, — піша Politico.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі