Някляеў: Катэгарычна супраць, каб Лукашэнка "аказаўся ў Еўропе"
У суботу ў Мінску на плошчы Свабоды апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў праводзяць чарговую несанкцыянаваную акцыю. Някляеў пракаментаваў журналістам магчымае зняццё санкцый Еўрасаюзам з беларускага кіраўніцтва. Паводле яго слоў, лухта, што "радыкальная апазіцыя" перашкаджае арганізацыі дыялогу паміж ЕС і Аляксандрам Лукашэнкам. "Мы ад самага пачатку былі за дыялог з Еўропай, каб Беларусь рухалася ў Еўропу. Таму гэта лухта, што нейкая радыкальная апазіцыя замінае", — сказаў Уладзімір Някляеў.
У цэнтры Мінска праходзіць "шэсце нацыянальнага сцяга" (онлайн)
Палітык адзначыў, што на сённяшні дзень "якраз Лукашэнка аказваецца ў Еўропе, а мы застаемся на тым жа месцы, у балоце". Някляеў катэгарычна супраць, каб з Лукашэнкі здымаліся санкцыі: "Немагчыма забыцца, што ён знішчыў нацыянальную культуру, прынізіў мову".
Грамадства вельмі моцна запалоханае, найперш дзяржаўнай прапагандай. Таму людзей мала прыходзіць на акцыі. Ісці з такімі сіламі на плошчу — проста падставіць людзей, сказаў Уладзімір Някляеў.