Па-руску на Майдане гавораць 26 працэнтаў (інфаграфіка)

На трэці тыдзень пратэстаў у Кіеве каля 73% ўдзельнікаў кажуць, што гатовыя стаяць, колькі будзе трэба. Сацыёлагі вырашылі даведацца: хто ж стаіць на Майдане і навошта?

Такім чынам, аказалася, што палова людзей з Кіева, а палова прыехала з рэгіёнаў. Мужчын трошкі больш, чым жанчын.

Амаль 63% маюць вышэйшую адукацыю. Студэнтаў сярод пратэстоўцаў толькі 14%. Больш за ўсё на Майдане стаіць спецыялістаў розных сфер, каля 9% бізнэсмэнаў, столькі ж кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Не так прадстаўніча, але прысутнічаюць хатнія гаспадыні, фермеры, рабочыя, вайскоўцы і праваахоўнікі.

— Я ўвогуле псіхолаг.

— А я медсястра.

— Я інжынер.

— А я таксама медсястра, — распавядаюць дзяўчынкі, якія гатуюць бутэрброды ў адным з намётаў.

Цікавы факт, што многія прыехалі на Майдан самі і не ўваходзяць у ніякія палітычныя ці грамадскія арганізацыі.

Цяперашні Еўрамайдан даволі сталы, у адрозненне ад таго першага студэнцкага, які разагнаў "Беркут". Відаць, што цяпер на абарону студэнтаў выйшлі людзі старэйшага веку. Так, людзей, якім больш за 30, на Майдане каля 60%, пенсіянераў каля 13%.

Размаўляе Майдан па-ўкраінску, такіх людзей большасць. Па-руску гавораць 26%, яшчэ 19% размаўляюць на абедзвюх мовах.

Сысці з Майдану большасць людзей гатовая, толькі калі ўлады выканаюць усе ўмовы. А галоўныя з іх — гэта вызваленне арыштаваных удзельнікаў пратэстаў, спыненне рэпрэсій, адстаўка ўраду, адстаўка Януковіча і правядзенне новых выбараў.

Асноўнай прычынай выхаду на акцыі пратэсту 70% людзей называюць жорсткі разгон студэнтаў "Беркутам", а непадпісанне дамовы з ЕС прымусіла выйсці толькі палову.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі