Пацярпелы ад нападу каля Курапат Кіркевіч: У руках нападнікаў былі нават клюшкі

Пацярпелы ад нападу каля Курапат Кіркевіч: У руках нападнікаў былі нават клюшкі

Падчас начнога нападу невядомых на лагер абаронцаў Курапат пацярпела некалькі чалавек. Нападнікі былі з бітамі, некаторыя ў балаклавах. Каля 15 нападнікаў з’явіліся нечакана, з-за рогу будоўлі. Як адбываўся напад, размаўляем у эфіры Еўрарадыё з пацярпелым Алесем Кіркевічам, якому бітай рассеклі скронь.

Слухаць размову можна тут:

Еўрарадыё: Як сябе адчуваеце?

Алесь Кіркевіч: Бадзёра, паспаў 2,5 гадзіны. Галава не кружыцца, сёння ўвечары ўжо збіраюся быць у Курапатах.

Еўрарадыё: Як адбываўся напад?

Алесь Кіркевіч: Нечакана з-за рогу будаўнічага плота з’явілася 15-20 чалавек у чорным. Некаторыя з іх былі ў балаклавах, некаторыя хавалі твары за шалікамі. У каго былі калы, у некага абпілаваная хакейная клюшка. З крыкамі “Белая раса” распачалі бойку. Гэта доўжылася каля хвіліны. Пасля яны пабеглі ў лес, у бок урочышча “Курапаты”.

Еўрарадыё: Спрабавалі збегчы ці абараняцца?

Алесь Кіркевіч: Для нас гэта было нечакана, не было ніякага плану абароны. Была мэта датрываць да ранку, калі прыедуць іншыя актывісты. Частка разгубілася і пабегла. А мы, чацвёра, засталіся ў лагеры. Пасля шукалі іншых актывістаў, бо не ведалі, дзе яны і што з імі.

Еўрарадыё: Як думаеце, якая мэта была ў нападнікаў?

Алесь Кіркевіч: Ніхто не ставіў мэты нанесці цяжкія цялесныя пашкоджанні. Хутчэй за ўсё, думалі навесці жаху. Каб людзі, якія потым збяруцца ў Курапаты, некалькі разоў падумалі. Відаць, гэта было разлічана на мясцовых жыхароў, каб яны не далучаліся. Іх напужаць прасцей, чым актывістаў. У той ці іншай меры атрымалі траўмы трое нашых хлопцаў. У мяне рассечаная скронь, была кроў. Цяжкіх траўмаў дакладна ні ў каго няма. Мы ўсё ж трошкі далі адпор. Добра, што не было жанчын.

Еўрарадыё: Можна было вызначыць узрост нападнікаў?

Алесь Кіркевіч: Гэта былі маладыя людзі, па 20-25 гадоў. Яны не былі падрыхтаваныя, што было бачна падчас бойкі. Дакладна не прафесійныя байцы, не спартоўцы.

Еўрарадыё: Неяк будзеце зараз узмацняць абарону?

Алесь Кіркевіч: Трэба будзе вельмі акуратна ставіцца да перадачак, якія прыносяць нам людзі. Таксама варта паставіць пытанне перафарматавання вахты, каб былі дзяжурныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі