Пад Кабмінам Украіны пачаліся сутычкі, распыляюць газ
Зранку паўтары тысячы чалавек перакрылі вуліцу Грушэўскага ў Кіеве і пікетуюць Кабінет міністраў.
Яны трымаюць дзяржаўныя і партыйныя сцягі, скандуюць "Ганьба!", паведамляе podrobnosti.ua. У бок пратэстоўцаў пайшла калона з 200 міліцыянтаў. Яны адціснулі мітынгоўцаў на ходнік.
Каля будынка ўрада пачаліся сутычкі мітынгоўцаў з міліцыяй — быў ужыты слезацечны газ. У бок міліцыі ляцяць розныя прадметы, супрацоўнікі "Беркута" апранаюць процігазы і ставяць жывую агароджу. Актывісты пад сцягамі "Свабода" распылілі газ супраць міліцыянтаў.
Напярэдадні шматтысячныя акцыі прайшлі ў сталіцы і рэгіёнах Украіны. Па розных дадзеных, у Кіеве ў акцыі прынялі ўдзел ад 50 да 100 тысяч чалавек. У нядзелю ўвечары праваахоўнікі спрабавалі вызваліць дарогі ў цэнтры горада, занятыя мітынгоўцамі, "Беркут" паспрабаваў адштурхнуць удзельнікаў акцыі, адбылася бойка, у міліцыю кідалі камяні. У выніку "Беркут" адступіў, а мітынгоўцы пазней самі сышлі з праезнай часткі. На лесвіцы каля будынка "Украінскага дома" пратэстоўцы паставілі намёты. У выніку сутычак пацярпелі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, перадае агенцтва РИА Новости.
Нагадаем, 21 лістапада Вярхоўная рада праваліла ўсе варыянты законаў аб выездзе былога прэм’ера Украіны Юліі Цімашэнка на лячэнне за мяжу. У выніку яна засталася за кратамі, а адна з умоў Еўарасаюза напярэдадні падпісання Дамовы аб асацыяцыі была не выканана. Пазней Кабінет міністраў Украіны распарадзіўся прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэння Дамовы і даручыў шэрагу міністэрстваў засяродзіцца на развіцці адносінаў з СНД і Мытным саюзам, а таксама загадаў нармалізаваць адносіны з Расіяй.
Акрамя таго, Кабінет міністраў ініцыяваў стварэнне трохбаковай камісіі пры ўдзеле ЕС і Расіі.
Пазней, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у тэлефоннай гутарцы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ патлумачыў, што Кіеў не можа падпісаць дамову з Еўрасаюзам з-за эканамічнага ціску і шантажу Расіі.
Януковіч заявіў аб пагрозах абмежаваць імпарт тавараў з Усходняй Украіны. А гэта, па падліках Кіева, магло б прынесці мільярдныя страты.
Дамова аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам падпісваецца з краінай, што не з’яўляецца сябрам ЕС. Яна прадугледжвае супрацоўніцтва у сферы палітыкі, гандлю, сацыяльных, культурных сувязяў і ўмацаванне бяспекі. Краіна, што падпісвае такую дамову з ЕС, павінна правесці адпаведныя рэформы. У абмен на гэта яна можа атрымаць бяспошлінны доступ да рынкаў ЕС, а таксама фінансавую або тэхнічную дапамогу. Пагадненне аб асацыяцыі ўключае ў сябе і пагадненне аб свабодным гандлі.
Фота з сацыяльных сетак і ria.ru