Пад Полацкам знайшлі парэшткі ўладальніка крыжа часоў Івана Жахлівага
На археалагічных раскопках пад Расонамі знайшлі парэшткі ўладальніка ўнікальнага разнога касцянога крыжа. Раней крыж ручной работы з выявамі святых і сцэнай выгнання бесаў знайшлі ўдзельнікі экспедыцыі ад Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі.
Крыж трапіў у зямлю 25 верасня 1579 года, калі жаўнеры караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя асадзілі фартэцыю стральцоў Івана Жахлівага “Сокал”.
Уладальнік быў знойдзены у адной пабудове з крыжам, каля яго таксама адшукалі кулю. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік археалагічнай экспедыцыі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Марат Клімаў.
Марат Клімаў: “Былі знойдзеныя парэшткі шкілета чалавека, мужчыны, не старэйшага за 40 гадоў, аб чым можна меркаваць па зубах, што добра захаваліся. Поруч была знойдзеная куля. Чалавек мог быць забіты ці скончыць жыццё самагубствам. Ён знаходзіўся ў сваёй пабудове. Гэта адзін з начальнікаў стральцоў: альбо сотнік, альбо палкоўнік. Але не ваявода, бо ён быў адносна малады”.
У 1579 годзе падчас Лівонскай вайны Іван Жахлівы пасылае свае войскі ў Полацк. Маскоўскія стральцы не здолелі дабрацца да горада і замацаваліся ў фартэцыі “Сокал” на стыку рэк Нішча і Дрыса. 19 верасня 1579 года войскі Рэчы Паспалітай бяруць фартэцыю ў аблогу. Ужо 25 верасня артылерыя Рэчы Паспалітай падпальвае драўляную крэпасць, а падчас сечы гіне амаль увесь стралецкі гарнізон. Войскі Івана Жахлівага церпяць паразу, а тэрыторыя Полаччыны вызваляецца ад акупацыі.
Археолагі вядуць раскопкі на фартэцыі “Сокал” другі год запар. Апроч унікальнага крыжа, там былі знойдзеныя нажы, кулі, нажніцы, цалкам уцалелы медны кацёл, манеты, цвікі, фрагменты амуніцыі стральцоў. Цяпер усе знаходкі вывучаюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.