Пад рэканструкцыю стадыёна “Трактар” разглядаюць некалькі тыпавых праектаў

“Праекта стадыёна пакуль няма. Але гэта будзе арэна 4-й катэгорыі, — распавядае Еўрарадыё Валянцін Баравок, першы намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама. — Зараз разглядаецца некалькі тыпавых праектаў”.

Нагадаем, што заяўка Беларускай федэрацыі футбола на ўдзел у “Еўра-2020” зацверджана. Для гэтага хапіла ліста на аркушы фарматам А-4, які можна было скласці за лічаныя хвіліны.

“Еўра-2020” плануюць правесці на 13 стадыёнах з розных краін. Чым не магчымасць прыняць матчы турніру ў Беларусі! На стварэнне грунтоўнай заяўкі мы маем, як аказалася, пяць месяцаў.

“Зараз да 25 красавіка 2014 года трэба падаць, груба кажучы, поўную заяўку”, — паведамляюць Еўрарадыё ў Беларускай федэрацыі футбола.

Раней будаваць "Нацыянальны стадыён" збіраліся на месцы сталічнага “Дынама”. Але аўтарытэтныя замежныя фірмы, якія стваралі дызайн-праекты, аказаліся за бортам. Дорага. Рэканструкцыя “Дынама” пад сучасны футбольны стадыён мелася абысціся ў 190 мільёнаў еўра.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэтых грошай хопіць і на лёгкаатлетычную рэканструкцыю “Дынама”, і на будаўніцтва новага “Нацыянальнага стадыёна”, які вырашылі паставіць на месцы старэнькага “Трактара”. І папрасіў узяць за прыклад маскоўскі “Лакаматыў”. У пачатку 2000-х гэту арэну рэканструявалі расійскімі сіламі за 60 мільёнаў долараў. Праўда, кошты на будаўніцтва з той пары істотна выраслі, і супольная лічба ў 190 мільёнаў еўра (на “Нацыянальны стадыён” і на лёгкаатлетычны “Дынама”) выглядае, на першы погляд, недастатковай.

Так выглядае маскоўскі стадыён "Лакаматыў"

 

 

 

 

Фота з сайта scyscrapercity.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі