Падчас прамовы Лукашэнкі ў Кіеве страціў прытомнасць украінскі генерал
21 ліпеня ў Кіеве сустрэліся Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка. Пасля перамоваў прэзідэнты выйшлі да журналістаў з невялікімі прамовамі.
Спачатку выступіў Пётр Парашэнка — ён казаў пра сяброўскія адносіны паміж Беларуссю і Украінай і патэнцыял ва ўзаемным гандлі. Прэзідэнт Украіны адзначыў, што таваразварот паміж краінамі павялічыўся на 26%, Беларусь з'яўляецца для Украіны чацвертым па важнасці гандлёвым партнёрам, а Украіна для Беларусі — другім.
Пасля слова ўзяў Аляксандр Лукашэнка. Усё ішло добра, але на другой хвіліне прамовы кіраўнік Беларусі неспадзявана перапыніўся і папрасіў "даць чалавеку стул".
У гэты момант у зале нехта ўпаў на падлогу. Як высветліла Еўрарадыё, гэта быў кіраўнік Памежнай службы Украіны Віктар Назаранка. Пётр Парашэнка выйшаў з-за трыбуны, каб дапамагчы яму падняцца, але чыноўніка ўжо выносілі з залы на руках.
Інцыдэнт заняў блізу паўхвіліны.
"Вось вам і насычаныя перамовы. Не трэба занадта абцяжарваць нашых членаў ураду", — адкаментаваў Лукашэнка і працягнуў прамову.
Генерал-палкоўніку Віктару Назаранку 61 год. Ён нарадзіўся ў Мінску 5 сакавіка 1956 года, скончыў Львоўскую вышэйшую ваенна-палітычную вучэльню. Удзельнік вайны у Афганістане. Кіраваць Памежнай службай Украіны прызначаны 23 кастрычніка 2014 года.