Падрабязнасці трагедыі ў Буда-Кашалёўскім раёне, дзе загінуў работнік хімзавода

Падрабязнасці трагедыі ў Буда-Кашалёўскім раёне, дзе загінуў работнік хімзавода

Сталі вядомы падрабязнасці трагедыі ў Буда-Кашалёўскім раёне, дзе ў суботу загінуў работнік Гомельскага хімзавода. 33-гадовы Кірыл Раманаў працаваў на сельгасаб’екце прадпрыемства — на даху кароўніка “Маразовічы-Агра” ў вёсцы Бушаўка, калі ён пад яго нагамі праваліўся. Мужчына упаў з 7-метровай вышыні на бетонную падлогу і загінуў.

У інтэрв’ю “Гомельскай праўдзе” намеснік галоўнага інжынера па ахове працы і прамысловай бяспекі хімзавода Дзмітрый Тамашэнка распавёў, што дапамога філіялу для яго прадпрыемства — звычайная практыка. Работнікаў хімзавода адправілі ў Буда-Кашалёўскі раён у працоўны час (там праводзіўся месячнік па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі). На даху кароўніка група работнікаў завода чысціла светлавыя ліхтары — праёмы, закрытыя полікарбанатнымі насціламі. Перад пачаткам працы іх папярэдзілі, што хадзіць па гэтых насцілах нельга і кожны распісаўся. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына наступіў якраз на гэты насціл светлавога ліхтара і праваліўся ўніз.

Кірыл Раманаў раней быў газаратавальнікам, пасля здачы нарматываў быў атэставаны ў якасці ратавальніка. Ён папрасіў перавесці яго на працу кіроўцам аварыйна-ратавальнага аўтамабіля, што і было зроблена. Раманава і яго калегу, таксама газаратавальніка, адправілі працаваць на дах, паколькі “гэтыя людзі добра падрыхтаваныя фізічна, навучаны дзейнічаць у аварыйных сітуацыях”, кажа Тамашэнка.

Яшчэ да прыезду хуткай дапамогі з пацярпелым іншым работнікам праводзіліся неабходныя рэанімацыйныя мерапрыемствы. Пасля гэта рабілі медыкі. На жаль, выратаваць Раманава не ўдалося. На месцы трагедыі працавалі праваахоўнікі, эксперты, апытваліся сведкі. Усе абставіны вывучаюць Следчы камітэт і Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы.

Пахаванне Кірыла Раманава пройдзе ў панядзелак, 20 лістапада. У яго засталіся жонка і двое малых дзяцей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі