“Пакаранне за п’янку за рулём адмяніць праз суд практычна немагчыма”
Закон аб канфіскацыі аўто нічога ў працы даішнікаў не змяніў.
Пагроза раптоўна ператварыцца з кіроўцы ў пешахода стала рэальнасцю — з 24 кастрычніка набыў моц закон аб канфіскацыі аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў. Але для саміх даішнікаў нічога не змянілася, сцвярджае супрацоўнік ДАІ МУС Аляксандр Занямон.
Аляксандр Занямон: “Парадак вядзення адміністрацыйнага працэсу ніяк не залежыць ад памеру пакарання, што накладаецца на кіроўцу-парушальніка. Ёсць правы і абавязкі ў межах адміністрацыйнага працэсу незалежна ад таго, які штраф — 35 базавых велічынь (на такую суму штрафавалі за кіраванне аўто ў нецвярозым стане да 24 кастрычніка. — заўв. Еўрарадыё), што ён 75 базавых велічынь (з 24 кастрычніка штраф нецвярозым кіроўцам павялічыўся ад 50 да 100 базавых велічынь. — заўв. Еўрарадыё)”.
Затое шмат змянілася для кіроўцаў. Апроч значна большага памеру штрафу, аматарам сесці за руль “падшафе” пагражае канфіскацыя аўто і нават пазбаўленне волі. Сеў другі раз нецвярозым за руль — аддай машыну дзяржаве. А калі па віне п'янага кіроўцы прычынена цяжкае цялеснае пашкоджанне ці загінуў чалавек, то можна атрымаць ад шасці месяцаў да сямі гадоў пазбаўлення волі. За гібель двух і больш чалавек у ДТЗ па віне нецвярозага кіроўцы будзе прадугледжвацца ад 4 да 10 гадоў зняволення.
Як гэта зменіць сітуацыю на дарогах? Юрыст, стваральнік сайта “Стоп-ДАІ” Аляксандр Старычэнка ўпэўнены, што цяпер ад супрацоўнікаў ДАІ не толькі будуць часцей спрабаваць “адкупіцца” на месцы, але і значна павялічыцца колькасць спробаў нецвярозых парушальнікаў уцячы ад інспектараў.
У адказ на гэта супрацоўнік аддзела агітацыі і прапаганды рэспубліканскай ДАІ Аляксандр Бруй усміхаецца.
Аляксандр Бруй: “Не ведаю, дзе вы такіх кіроўцаў сустракаеце (тых, хто спрабуе даць даішніку хабар. — заўв. Еўрарадыё)! Гэта ўсё меркаванні невядома каго і невядома чаму (пра павелічэнне спробаў уцячы ад інспектараў. — заўв. Еўрарадыё)”.
Да ўсяго, упэўнены Аляксандр Старычэнка, не выключана, што супрацоўнікі ДАІ адмыслова будуць затрымліваць машыны з мэтай канфіскацыі “на замову”. Альбо проста выконваць план па канфіскацыях. У адказ суразмоўцы Еўрарадыё ў пагонах звяртаюць увагу на тое, што рашэнне пра канфіскацыю прымае суд паводле матэрыялаў крымінальнай справы, распачатай Следчым камітэтам.
Але ж пачынаецца ўсё з пратакола, складзенага супрацоўнікам ДАІ! І тут нават да гэтага закона аб канфіскацыі было шмат спрэчных сітуацый. Так, у кастрычніку 2011 года за адмову ад медыцынскага агляду і кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане інспектары ДАІ пазбавілі мінчанку Вольгу Высачанскую правоў. Прычым стан кіроўцы яны вызначылі на вока, без дапамогі алкатэстара, а адвезці яе на агляд адмовіліся… самі даішнікі!
Вольга Высачанская: “Мне прад’явілі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні — “адмова ад праходжання медыцынскага агляду”. Кажу: “Як я магла адмовіцца, калі я не адмаўлялася? Давайце сядзем у маю машыну, сядзьце за руль, ці давайце на вашай машыне паедзем і пройдзем!” На што інспектары адказваюць: “Мы не можам — у нас ліміт на паліва і недзе там аварыя — мы спяшаемся і нам трэба ехаць”.
У даішнікаў нават алкатэстара ў машыне не было, каб правесці экспрэс-аналіз, сцвярджае Вольга. І ўжо два гады безвынікова спрабуе даказаць сваю невінаватасць. Прайшла ўсе магчымыя інстанцыі — ад раённых да Вярхоўнага суда. Але безвынікова. Праўда, і спыняцца жанчына не збіраецца: днямі Фрунзенскі суд сталіцы пакінуў пакаранне нязменным, яна напісала скаргу ў гарадскі суд і плануе другі раз дайсці да суда Вярхоўнага. Хоць Аляксандр Старычэнка і кажа, што пакаранне за кіраванне ў нецвярозым стане — практычна “неадменнае”.
Дарэчы, нягледзячы на тое, што ў новым законе асобна прапісаная адказнасць кіроўцы за адмову ад медыцынскага абследавання, яно не стала абавязковым.
Аляксандр Занямон: “Вырашае асоба, якая вядзе адміністрацыйны працэс (складае пратакол аб правапарушэнні — заўв. Еўрарадыё): ён праводзіць агляд альбо з удзелам спецыяліста, альбо — без. Пры наяўнасці прыбора, які выявіць у кіроўцы, да прыкладу, 1 праміле (медагляд не патрэбны — заўв. Еўрарадыё)”.
Своеасаблівую кропку ў развагах, як будуць складвацца адносіны паміж кіроўцамі і даішнікамі далей, ставіць кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётр Кісялёў.
Пётр Кісялёў: “Даішнікі ёсць даішнікі — да іх усе ставяцца своеасабліва, хоць без іх і не абысціся. А паводле закону пытанняў насыпалася шмат. Цяпер і паміж спецыялістамі абмеркаванні ідуць. Але кропкі заўжды расстаўляе практыка — практыка, як яно будзе прымяняцца”.
Праўда, гэта больш падобна на шматкроп’е…
Фота: http://bymedia.net/