Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ўхваліла Акт аб дэмакратыі ў Беларусі
Кангрэс ЗША / Reuters
Прэзідэнт ЗША атрымае новыя паўнамоцтвы "па ўвядзенні санкцый" у сувязі з выбарамі 2020 года Беларусі. Гэта прадугледжвае законапраект "Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі", які ўхваліла ў сераду Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, паведамляе TUT.BY.
Законапраект прадстаўляў кангрэсмен Крыс Сміт, адзін з аўтараў Актаў аб дэмакратыі 2004, 2006 і 2011 гадоў.
"Прэзідэнт ЗША можа ўвесці візавыя санкцыі супраць любога замежніка, які з'яўляецца членам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі ці які ўдзельнічаў у маніпуляцыях на выбарах", гаворыцца ў тэксце абноўленага дакумента.
Пад санкцыі таксама могуць трапіць члены ўрада, адказныя за ціск на СМІ, прадстаўнікі Саюзнай дзяржавы ці расійскія грамадзяне, якія прымалі "значны ўдзел у пераследзе СМІ, парушэнні правоў чалавека".
У абноўленым Акце аб дэмакратыі ў Беларусі гаворыцца, што ЗША прызнае Каардынацыйную раду законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і не прызнае Аляксандра Лукашэнку "законна абраным лідэрам Беларусі".
Акрамя таго, законапраект:
— заклікае правесці новыя выбары і вызваліць палітычных зняволеных;
— падтрымлівае імкненне беларускага народа да свабоды веравызнання;
— дазваляе падтрымку ў развіцці дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;
— заяўляе, што ЗША не прызнаюць уключэнне Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расіяй;
— патрабуе ад ЗША стратэгіі па развіцці тэле- і радыёвяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
— прадастаўляе неабходную падтрымку беларускім СМІ і IT-сектару.
Раней кангрэсмен Сміт казаў, што цяперашні Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі ўзмацняе і пашырае папярэднія аналагічныя дакументы. "Гэты закон аднаўляе асабістыя эканамічныя і візавыя санкцыі супраць пашыранага кола асобаў ва ўрадзе Беларусі і грамадзян Расіі, якія былі замяшаныя ў падаўленні пратэстаў", казаў ён.
Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі яшчэ павінен ухваліць Сенат, пасля чаго дакумент паступіць на подпіс прэзідэнту ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.