Палічылі, на колькі дзён хопіць грошай, вылучаных ЕС на харчаванне мігрантаў
Мігранты на беларуска-польскай мяжы / БЕЛТА
Беларускаму аддзяленню Міжнароднага Чырвонага Крыжа Еўрасаюз вылучыў 200 тысяч еўра на прадукты для мігрантаў, якія захраслі на беларускай мяжы.
Еўрарадыё падлічыла, колькі часу за гэтыя грошы можна карміць бежанцаў, зыходзячы з таго, якія сутачныя пайкі ім выдаюць.
У сеціве апублікавалі відэа, на якім работнік Чырвонага Крыжа паказвае, якія прадукты выдаюцца мігрантам на дзень. У пакеты кладуць тры ўпакоўкі локшыны хуткага прыгатавання, дзве скрынкі далёка не самага таннага малака, дзве бляшанкі тушонкі, дзве рыбныя кансервы, палку каўбасы, пачак печыва, пачак вафель, бохан хлеба і два гранаты. Акрамя таго, для людзей арганізавалі гарачае харчаванне.
Мы паглядзелі, колькі каштуюць у беларускіх крамах прадукты з набору. Некаторыя па відэа ўдалося вызначыць дакладна, на некаторых этыкеткі не бачныя, таму мы ўзялі сярэднія цэны на тавары з гэтай групы.
Малако (2 скрынкі) — 1,72 рубля за штуку
Локшына (3 упакоўкі) — 0,89 рубля за штуку
Каўбаса (палка) — 8,97 рубля
Тушонка (2 бляшанкі) — 6,63 рубля за штуку
Хлеб — 1,15 рубля
Гранат — 4,99 рубля за штуку
Рыбныя кансервы (2 бляшанкі) — 2,89 рубля за штуку
Печыва (2 пачкі) — 0,81 рубля за штуку
Вафлі — 0,85 рубля за штуку
Кошт набору — 40 рублёў 24 капейкі. Гэтую лічбу нельга лічыць абсалютна дакладнай, таму што вытворцаў і вагу не ўсіх прадуктаў удалося ідэнтыфікаваць. Аднак калі сума і вар'іруецца, то, хутчэй за ўсё, не вельмі моцна.
Раней заяўлялася, што на беларускай мяжы знаходзіцца ад 3 да 4 тысяч мігрантаў. Лічым па аптымістычным сцэнары. Дапусцім, іх 3 тысячы. Калі не браць пад увагу гарачае харчаванне, то на суткі, каб уручыць кожнаму мігранту такі пакет, неабходна выдаткаваць 120 тысяч 720 рублёў. Гэта значыць, што 200 тысяч еўра хопіць, каб карміць мігрантаў такімі прадуктовымі наборамі няпоўныя пяць дзён.
Цікава, што сярэдні памер пенсіі (усіх відаў) мінчан у верасні 2021 года склаў 551,74 рубля. І гэта вышэй за рэспубліканскі ўзровень на 6,9%. Калі ад гэтай сумы адняць камуналку, дапусцім, 65 рублёў (такая сума прыйшла ў жыроўцы на аднапакаёвую кватэру за кастрычнік), то атрымаецца 486,74 рубля. Дзелім яе на 30 дзён — выходзіць 16,22 рубля.
Такі бюджэт у найлепшым выпадку мае беларускі пенсіянер у дзень. І гэта не толькі на прадукты, але і на лекі, праезд, розныя паслугі, адзенне, бытавую хімію і сродкі гігіены і іншае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.