Палітолаг Шымаў: Апазіцыя стала больш добразычлівай да Лукашэнкі
Менавіта таму, на думку эксперта, некаторыя палітычныя сілы адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах.
Палітолаг, дацэнт кафедры паліталогіі БДУ Усевалад Шымаў лічыць, што апазіцыйныя структуры адмаўляюцца ад выбараў, бо сталі больш лаяльнымі да Аляксандра Лукашэнкі пасля падзей ва Украіне. Такое меркаванне эксперт выказаў у гутарцы з Еўрарадыё.
Усевалад Шымаў: “Гэта звязана з агульнай слабасцю апазіцыі. У сённяшніх абставінах апазіцыя стала больш добразычлівай да дзейснай улады ў сувязі з падзеямі ва Украіне. Усе рэальна разумеюць, што апазіцыі няма чаго супрацьставіць дзейснай уладзе”.
Пры гэтым Шымаў не лічыць, што адмова дзвюх структур ад удзелу ў выбарах прынцыпова паўплывае на вынікі.
Нагадаем, пра свой няўдзел у выбарах заявілі грамадская кампанія “Наш дом” і Рух “За Свабоду”.
Фота: regnum.ru