На волю выйшаў палітвязень Аляксандр Францкевіч
Пасля вызвалення за ім будзе ўсталяваны шасцімесячны міліцэйскі нагляд.
Нагадаем, што Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па так званай “справе анархістаў”. Ён адбываў пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі “Воўчыя норы”.
Аляксандр нарадзіўся 6 траўня 1990 года ў Наваполацку. Пасля сканчэння ліцэю працаваў праграмістам. Пазней пераехаў жыць і працаваць у Мінск. Далучыўся да руху анархістаў, піша "Наша ніва".
На мінулым тыдні на волю выйшаў палітвязень Зміцер Дашкевіч, лідар незарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". За кратамі ён знаходзіўся ад снежня 2010 года.
***
У інтэрв'ю Радыё Свабода Францкевіч кажа, што ўвесь час адчуваў за кратамі ціск, але пад такім жа ціскам былі і іншыя зняволеныя. "Калі чалавек моцны, не важна па якіх прычынах ён сядзіць, то ён вытрымае", — кажа Аляксандр. "Мае погляды не змяніліся, а толькі ўмацаваліся", — дадае ён.
Нагадаем, Аляксандр Францкевіч — праграміст. У яго планах аднавіцца на ранейшай працы. “Да кампутара не дакранаўся тры гады, але калі бачыў яго ў турэмшчыкаў, ажно “рукі часаліся”, — прызнаецца ён.
Пад наглядам Францкевіч будзе жыць у Наваполацку, але спадзяецца перавесціся ў Мінск.
Фота — svaboda.org, nn.by