Палітвязень Залатароў не будзе пісаць ні апеляцыю, ні прашэнне аб памілаванні
17-гадовы палітвязень Мікіта Залатароў не будзе падаваць апеляцыю на прысуд і прашэнне аб памілаванні. Пра гэта інфармагенцтву БелаПАН паведаміў яго бацька Міхаіл Лапуноў, які пабываў на спатканні з сынам у Гомельскім СІЗА.
Па словах бацькі Мікіта сказаў: "Так, я хворы, камера мяне забівае, але я не хачу паміраць тут. Хачу пад сонцам, на вайне, за цябе, за маму, за брата, каб нездарма".
Бацька перадаў яму прывітанні ад сваякоў і знаёмых з Канады, Даніі, Англіі, Германіі, Літвы і Польшчы, каб Мікіта не пачуваўся самотным.
"Пра магчымасць прашэння аб памілаванні Мікіта сказаў: "Не, у зону мяне хутчэй", — распавёў Лапуноў.
Непаўналетні Мікіта Залатароў асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў "масавых беспарадках". 14 ліпеня яму вынеслі новы прысуд — паўтара года за "гвалт над супрацоўнікамі міліцыі": нібыта Залатароў напаў на работнікаў СІЗА. Агулам юнак правядзе ў калоніі чатыры з паловай гады (адзін дзень у СІЗА залічваецца для непаўналетніх за два дні).
Як паведамлялася раней, падлетак хварэе на эпілепсію. На судзе ён заяўляў, што яго б'юць у СІЗА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.