Палітвязня Паўла Севярынца пазбавілі працяглага спаткання
Павел Севярынец у судзе
Палітвязня Паўла Севярынца, які адбывае тэрмін у папраўчай калоніі горада Шклова, пазбавілі працяглага спаткання. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. Яны нагадваюць, што апошні раз у Севярынца працяглае спатканне было летась у снежні.
Аднак у красавіку гэтага года адміністрацыя шклоўскай калоніі прызнала яго "злосным парушальнікам рэжыму". У якасці пакарання яму скарацілі колькасьць званкоў дамоў і грашовых пераводаў. Нядаўна Севярынец паведаміў родным, што яго яшчэ і пазбавілі працяглага спаткання.
Паўла Севярынца затрымалі ў чэрвені 2020 года — за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў. У той дзень ён быў ля Камароўскага рынку, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Праз год — у траўні 2021 — яго асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго, а таксама яшчэ шэсць чалавек, абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Усе яны прызнаныя палітвязнямі. Вырак суда Севярынец сустрэў словамі: "Беларусь будзе вольнай! Верым! Можам! Пераможам!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.