Палітзняволеную Шарэнда-Панасюк этапавалі з "Навінак" на "Валадарку"

Паліна Шарэнда-Панасюк / facebook.com/Andrei.Sharenda
Паліна Шарэнда-Панасюк / facebook.com/Andrei.Sharenda

Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк этапавалі з Рэспубліканскага псіханеўралагічнага цэнтра ў мінскае СІЗА №1. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў яе муж Андрэй Шарэнда.

"Паліна этапавана з Навінак на Валадарку. Хутчэй за ўсё псіхіятрычная экспертыза скончылася. Але нам нічога не вядома пра яе вынікі, таксама нам нічога не вядома аб стане здароўя Паліны.

Для Паліны пачаўся ужо шосты цяжкі этап. Гэта два-тры тыдні дарогі, бясконцыя вобшукі, распаленыя ад спёкі аўтазакі і рукі, анямелыя ад кайданкоў", — піша Андрэй Шарэнда.

Палітзняволеную жанчыну адправілі на псіхіятрычную экспертызу пасля таго, як яна вырашыла адмовіцца ад беларускага грамадзянства.

Андрэй Шарэнда мяркуе, што яго жонку не выпусцяць нават па заканчэнні ўжо адбытага тэрміну: "Роўна праз месяц 6 жніўня ў Паліны сканчваецца ўжо другі прысуджаны ёй тэрмін зняволення. Зразумела, што яе не выпусцяць, а будуць наноў судзіць. Такім чынам, тэрмін зняволення для Паліны становіцца бясконцым".

Спачатку Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі па абвінавачанні ў гвалце ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Лукашэнкі. Пазней ёй дадалі яшчэ 1 год за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы (ч. 2 арт. 411 КК). Пазней пачалі яшчэ адну справу па гэтым жа артыкуле Крымінальнага кодэкса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі