Палтаўскі ваенкамат: “У войска запісалася мама, у якой сын служыць у Крыме"
За паўдня да гарадскога ваенкамата Палтавы прыйшлі 300 чалавек, а ў Вінніцы за тры дні ў войска запісаліся 2 тысячы.
“Мы не паспяваем запісваць, за сёння ўжо 300 чалавек. Дзяўчаты прыходзяць, бабуля прыйшла 1939 года. Прыходзяць грамадзяне іншых краін — з Марока, Арменіі, Казахстана. Прыходзяць з ваеннікамі адразу”, — так Еўрарадыё апісваюць мабілізацыю ў гарадскім ваенкамаце Палтавы, у цэнтральнай Украіне пасля уварвання ў Крым узброеных людзей на бронітэхніцы з расійскімі нумарамі.
На вучэнні просяцца нават непрыгодныя да службы ў вайсковы час. У Крым пакуль не адпраўляюць: вучаць на кіроўцаў і сувязістаў.
“Бярэм мабільныя тэлефоны тых, хто напісаў заяву. А сувязісты, кіроўцы — тыя, каму трэба на вучобу, яны ідуць на зборны пункт, з імі вядуцца заняткі. Жанчыны просяць запісаць, каб аказваць нейкую дапамогу: прыйшла сёння юрыст, прыйшла жанчына з медыцынскай адукацыяй. Прыйшла мама, у якой сын служыць у Крыме”, — расказваюць Еўрарадыё ў палтаўскім ваенкамаце.
У Вінніцкай вобласці за тры дні ў войска запісаліся ўжо 2 тысячы чалавек. І гэта на 1,5 мільёна насельніцтва гэтай вобласці. Запісваюцца і дзяўчаты.
“За тры дні ў нас 2 тысячы. Дзяўчаты прыходзяць, запісваюцца медсёстрамі”, — каротка адказваюць у вінніцкім абласным ваенкамаце.
У Чарнігаўскі абласны ваенкамат дзяўчаты не прыходзілі. А вось у Кіеве запісваюцца.
“Грамадзянская пазіцыя ў людзей цяпер вельмі высокая. Людзей прыходзіць дастаткова, і дзяўчаты прыходзяць, усе гатовыя бараніць радзіму. Але статыстыкі у нас няма”, — кажуць у Гарадскім ваенным камісарыяце Кіева.
Пакуль у Цэнтральнай Украіне вучаць на сувязістаў і бяруць нумары мабільных у добраахвотнікаў, у Крыме, на авіябазе “Бельбек” каля Севастопаля цэляць ва ўкраінскіх вайскоўцаў з гранатамёта.
“Уначы жонкі і сваякі вайскоўцаў палілі вогнішчы вакол базы, а пятай ранку абяцалі штурм, але нічога не было. З ранку выступіў маёр украінец, сказаў, што не будзе цярпець гэтага: “Людзі прыйшлі на нашу базу і забралі зброю. Заўтра яны прыйдуць да нас дадому”. Ён прапанаваў вайскоўцам, а гэта ўсё кантрактнікі, дарослыя людзі, без зброі, без бронекамізэлек, заняць тыя месцы, якія яны займаюць увесь час, калі там працуюць, нібы нічога не адбываецца”, — апісвае Еўрарадыё ранішнія падзеі 4 сакавіка журналіст “Русской планеты" Павел Нікулін.
На “Бельбеку” ужо пачалі страляць у паветра, але вайскоўцам удалося дамовіцца.
“Яны пайшлі строем, чалавек 100, неслі сцяг Украіны і знамя дывізіі. Да іх пад’ехаў “Тыгр” і людзі у камуфляжы, з аўтаматамі, вакол стаялі людзі, падобныя да расійскіх ваенных. У калону ваенных адзін вайсковец нават цэліў з гранатамёта. Стралялі ўверх чатыры разы, бо калона украінскіх вайскоўцаў не спынілася. Пасля спыніліся ў метры ад стралка і пачаліся перамовы аб тым, што вайскоўцаў пусцяць на базу”, — дадае Павел Нікулін.
Пры гэтым прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін упэўнівае, што ваенныя базы ў Крыме захоплівалі не расійскія вайскоўцы, а “мясцовыя сілы самаабароны”. А таксама кажа, што для пратэстаў у Кіеве “сілы самаабароны” рыхтаваліся ў Літве і Польшчы, перадае lenta.ru.
Людзі у вайсковай форме і са зброяй прысутнічаюць у Крыме амаль тыдзень. Яны прапаноўваюць украінскім вайскоўцам здацца і перасоўваюцца на тэхніцы з расійскімі нумарамі. Актыўных баявых дзеянняў пакуль не вядзецца.
Фота: bigmir.net
На відэа - падзеі на авіябазе "Бельбек"