Памерці сціпла. Дапамога на пахаванне вырасце, і вось на што яе хопіць

На што хопіць беларускай дапамогі на пахаванне​ / pixabay.com
На што хопіць беларускай дапамогі на пахаванне​ / pixabay.com

У Беларусі з 1 верасня вырасце дапамога на пахаванне — да 1644 рублёў. Гэта на 17,5 рубля больш, чым у жніўні. Памер гэтай выплаты змяняецца раз на месяц і прывязаны да сярэдняга заробку па краіне. Сума дапамогі роўная заробку на пазамінулы месяц адносна месяца, калі чалавек памірае.

Чыноўнікі і арганізацыі, якія аказваюць рытуальныя паслугі, сцвярджаюць, што дапамогі павінна хапіць на стандартнае пахаванне. У некаторых пахавальных бюро можна заказаць "пакет" неабходных тавараў і паслуг. Ёсць некалькі варыянтаў — бюджэтны, стандартны і элітны.

Умереть скромно. Пособие на погребение вырастет, и вот на что его хватит
Скрын з расцэнкамі адной з пахавальных арганізацый

Два першыя хоць і адрозніваюцца па кошце ў розных арганізацыях, але ўпісваюцца ў памеры дапамогі. Паглядзелі, колькі каштуюць базавыя тавары і паслугі для пахавання, што пахавальныя бюро прапануюць з недарагога і на што наогул хопіць дапамогі.
 

480 рублёў за квадратны метр

Добрая навіна: месца на дзейных могілках можна атрымаць бясплатна. Пад першае пахаванне дадуць участак памерам 1,4 на 2,3 метра або 2,0 на 2,3 метра. Дрэнная навіна: калі паблізу ёсць пустыя плошчы і вы плануеце хаваць побач іншых сваякоў, то за дадатковыя тэрыторыі давядзецца заплаціць. У Мінску гэта — 15 базавых велічынь, або 480 рублёў за квадратны метр. Гэта значыць, калі "хаваць побач", то вялікую частку датацыі адразу ж "з'ядуць" траты на выкуп зямлі.

Выкапаць магілу на могілках летам абыдзецца ў 240 рублёў, а зімой — у 340.
 

Могілкі газоннага тыпу

Можна разгледзець варыянт з крэмацыяй. Сама працэдура каштуе 141 рубель. Урну з прахам можна "пахаваць" побач са сваяком цалкам бясплатна. Прычым як на дзейных могілках, так і на тых, якія ўжо закрытыя.

Новае месца для пахавання урны каштуе каля 350 рублёў. А наступнае пахаванне урны на гэтым жа ўчастку будзе бясплатным. Але пры гэтым часцей за ўсё патрабуецца дэмантаж і ўсталяванне надмагільных збудаванняў. І гэта абыдзецца прыкладна як кошт самога месца.

Калі прах змяшчаецца ў калумбарную шклянку для пахавання на могілках газоннага тыпу (якія засяваюць травой, а магілы не агароджваюць), месца там будзе каштаваць 10 базавых, або 320 рублёў.

Урны для праху ёсць і зусім танныя, пластыкавыя, за 34 рублі, і даражэйшыя, скажам, керамічныя за 95 рублёў.
 

Труна і крыжы

Дыяпазон цэн на труны і крыжы вялікі. Самую бюджэтную драўляную труну, гэта значыць без якога-небудзь аздаблення, мы знайшлі за 95 рублёў. Труна з тканінай — 140 рублёў.

Умереть скромно. Пособие на погребение вырастет, и вот на что его хватит
Бюджэтныя тавары з рытуальнай крамы

Цэны на крыжы пачынаюцца ад 50 рублёў. Самы бюджэтны — драўляны, з хвоі. З дуба — ужо ад 300 рублёў. Танны металічны зварны крыж можна купіць за 80 рублёў.
 

Лепш важыць да 90 кг

Кошт падрыхтоўкі цела да пахавання — абмыванне, апрананне, касметычны грым — вар'іруецца ў залежнасці ад вагі нябожчыка і набору паслуг. Адна з мінскіх арганізацый гатовая зрабіць усё неабходнае дома за 180 рублёў, калі памерлы важыць да 90 кг. Калі больш, то за 200 рублёў.

Умереть скромно. Пособие на погребение вырастет, и вот на что его хватит
Набор рытуальнага адзення для мужчын

Паглядзелі недарагія варыянты рытуальнага адзення і прылад. Крамы прапануюць чорныя мужчынскія туфлі за 60 рублёў і камплект адзення за 140.

Умереть скромно. Пособие на погребение вырастет, и вот на что его хватит
Бюджэтнае рытуальнае адзенне і абутак для жанчын

Набор адзення для жанчыны: рытуальная бялізна за 29 рублёў, сукенка з габардзіну з валанам за 57 рублёў і туфлі за 70 рублёў.

Таксама спатрэбіцца падушка ў труну і пакрывала. Гэта можна набыць за 25 рублёў. Ручнікі для апускання труны ў магілу мы знайшлі за 28 рублёў.

Умереть скромно. Пособие на погребение вырастет, и вот на что его хватит
Бюджэтныя вянкі

Цэны на вянкі пачынаюцца ад 32 рублёў (у некалькіх крамах).
 

Давайце прыкінем, у колькі ўсё гэта абыдзецца ў суме

Калі варыянт з пахаваннем побач са сваяком і купляй зямлі, а памерлы — мужчына, то выйдзе каля 1840 рублёў. Калі плошчу для пахавання вылучаць бясплатна, то можна купіць даражэйшыя крыж і труну. Гэта абыдзецца дзесьці ў 1070 рублёў.

Але не варта забываць, што яшчэ трэба заплаціць за катафалк. Магчыма, вам спатрэбяцца паслугі насільшчыкаў, памяшканне для развітання і г. д. А гэта ўсё дадатковыя расходы.

Калі цела крэміраваць, то пахаванне па самым бюджэтным сцэнары з купляй месца на могілках абыдзецца прыкладна ў 1000 рублёў.

Па традыцыі ў Беларусі пасля пахавання праводзяць памінкі. Некаторыя лічаць за лепшае ладзіць іх дома, некаторыя заказваюць памінальны стол у кавярні. Расцэнкі на спецыяльнае меню ўсюды розныя. Але ў сярэднім гэта прыкладна 26–30 рублёў на чалавека. Гэта значыць, нават вельмі сціплыя памінкі, напрыклад, на 10 чалавек будуць каштаваць каля 300 рублёў.

Не варта забываць, што праз год, зноў жа па традыцыі, на магілу ўсталёўваюць помнік. Самы танны мы знайшлі за 270 рублёў. Але нават такую суму некаторым беларусам знайсці не так проста. Дый дзяржаўная дапамога на пахаванне ўжо даўно скончылася.

Выходзіць, што на цяперашнюю беларускую дапамогу на пахаванне памерці можна хіба што даволі сціпла. А калі давядзецца купляць участак пад пахаванне, каб спачываць побач са сваякамі, то на памінкі дакладна трэба будзе дадаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі