У Магілёўскім раёне ў інтэрнаце агралесатэхнічнага каледжа памёр яго навучэнец
Магілёўскі дзяржаўны агралесатэхнічны каледж знаходзіцца ў аграгарадку Буйнічы
У аграгарадку Буйнічы Магілёўскага раёна ў інтэрнаце мясцовага агралесатэхнічнага каледжа памёр яго навучэнец. Прычына смерці 17-гадовага хлопца дагэтуль невядомая, піша "Зеркало".
Трагічнае здарэнне адбылося яшчэ 21 верасня. Напярэдадні ўвечары навучэнец адчуваў сябе добра, тэлефанаваў родным і казаў, што збіраецца з сябрам і суседам па пакоі на падпрацоўку. Але раніцай, па словах сябра, хлопец сказаў, што будзе спаць, і не пайшоў на падпрацоўку. Увесь дзень ён не выходзіў на сувязь з маці, хоць звычайна тэлефанаваў ёй некалькі разоў. Маці спрабавала звязацца з сынам цэлы дзень, але ён не адказваў.
Бліжэй да вечара сваякі хлопца пачалі хвалявацца. Каля 20-й гадзіны яны звязаліся з выкладчыкам і сказалі, што не могуць знайсці сына. Праз дзесяць хвілін ён ператэлефанаваў і паведаміў, што хлопца знайшлі мёртвым у ложку.
Калі на наступны дзень сваякі прыехалі ў інтэрнат, яны заўважылі, што рэчы памерлага былі раскіданыя, а некаторыя зніклі.
Дакладную прычыну раптоўнай смерці юнака сваякам пакуль не паведамілі. Па факце смерці праводзіцца праверка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.