Памёр расійскі паліттэхнолаг Глеб Паўлоўскі
Глеб Паўлоўскі / poligonmedia.io
Расійскія СМІ паведамляюць пра смерць палітолага, публіцыста і паліттэхнолага Глеба Паўлоўскага. Яму быў 71 год. Інфармацыю пацвердзіў журналістам галерыст Марат Гельман, які працаваў разам з Паўлоўскім у "Фондзе эфектыўнай палітыкі". Менавіта гэтая структура ў 2000 годзе распрацоўвала прэзідэнцкую кампанію Уладзіміра Пуціна.
У часы СССР Паўлоўскі быў дысідэнтам, пішацца ў "Вікіпедыі". Калі ён працаваў настаўнікам у сельскай школе, то сутыкнуўся з КДБ — па справе аб распаўсюдзе забароненага твора Аляксандра Салжаніцына "Архіпелага ГУЛАГ". У абмен на выдачу кантактаў яго не затрымалі, але са школы яму давялося звольніцца.
У 90-я ўзначальваў палітычныя СМІ, затым зрабіўся паліттэхнолагам. Удзельнічаў у прэзідэнцкай кампаніі Віктара Януковіча на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне ў 2004 годзе. Да 2011 года супрацоўнічаў з адміністрацыяй прэзідэнта Расіі. З 2012 года Паўлоўскі заняў бок апазіцыі. Асуджаў расійскае ўварванне ва Украіну. У снежні 2021 года ў інтэрв'ю "Эху Москвы" Паўлоўскі казаў: "Украіна — дрэннае месца для вайны... гэта будзе з іх боку народная вайна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.